Аб’яўлена пераможца конкурсу на прадастаўленне стыпендыі ім. В. Лабко

Па выніках штогадовага конкурсу на прадастаўленне стыпендыі імя Валерыя Лабко, яе ўладальніцай стала Марта Ляўкевіч, студэнтка 4 курса бакалаўрскай праграмы «Візуальны дызайн».

Камісія па прадастаўленні стыпендыі ім. В. Лабко пасля абмеркавання вынікаў ацэнкі ўсіх прэтэндэнтак і прэтэндэнтаў прыняла рашэнне прысудзіць стыпендыю на аснове лепшай ацэнкі і ў адпаведнасці з мэтамі стыпендыі ім. Валерыя Лабко (высокія дасягненні мастацкай творчасці і акадэмічных вынікаў) Марце Ляўкевіч.

У склад Камісіі ўвайшлі выкладчыцы і выкладчыкі профільных дысцыплін у галіне фатаграфіі, графічнага дызайну, анімацыі, вэб-дызайну, паліграфіі.

Штогод стыпендыя ім. В. Лабко ўручаецца студэнткам і студэнтам ЕГУ, якія дэманструюць высокі ўзровень акадэмічнай паспяховасці і значныя дасягненні ў галіне графічнага дызайну, візуальных мастацтваў ці анімацыі.

Валерый Лабко (1951-2008) быў ініцыятарам стварэння Мінскай школы фатаграфіі і з’яўляўся членам Саюза дызайнераў і Саюза фотамастакоў Беларусі. В. Лабко быў не толькі таленавітым фатографам, але і яскравай акадэмічнай фігурай. Адзначаючы шматлікія заслугі В. Лабко, у ЕГУ была ўведзеная яго штогадовая імянная стыпендыя.

Назад