Кірыл скончыў бакалаўрскую праграму «Медыя і камунікацыя» ЕГУ у 2013 годзе. Ён — работнік культуры: арганізоўвае вечарыны UNISEX, накіраваныя на скасаванне дыскрымінацыі ў грамадстве, з’яўляецца праект-мэнеджарам адукацыйна-выставачнага фестываля ЕГУ Artes Liberales і выставаў «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры» і «Ралан Барт. Ключавыя словы», аўтар відэа-роліка “Gay couple walk in Minsk. Social experiment”, зняўся ў фільме Мікіты Лаўрэцкага «Амерыкан бой», распрацоўвае вэб-сайты і дызайн, здымае відэа, займаецца ў студыі Фортынбрас і працуе ў галерэі Ў.
Тэма кахання і рамантычных адносін з’яўляецца дамінуючай у шматлікіх культурах свету (калі не ва ўсіх). І катарсісам гэтага феномена прызваны быць «Дзень усіх закаханых» — 14 лютага: у кавярнях забраніраваныя столікі, гандляры кветкамі ўжо падрыхтаваліся да трохдзённага марафону, кітайскія арома-свечкі і ружовыя паштоўкі з сардэчкамі акуратна раскладзеныя на паліцах нават тых крамаў, якія гандлююць аўтазапчасткамі.
Каханне — з’ява універсальная: розныя сістэмы выкарыстоўваюць яго адпаведна ўласным патрэбам. Капіталізм ператварае закаханых у аб’екты ўласнасці, патрыярхат замацоўвае гвалт, рэлігія надае ўсяму гэтаму трансцэндэнты сэнс. Уладны дыскурс пазбаўляе індывіда здольнасці самастойна выбіраць, прыслухоўвацца да пачуццяў, прымаць і аддаваць сябе з усімі недахопамі і станоўчымі якасцямі.
У большай ступені каханне — з’ява асабістая. Кожны чалавек перажывае сваё, асаблівае, інтымнае і непаўторнае. Аднак гэта не замінае існаваць стэрэатыпам і агульным уяўленням пра каханне: першае каханне дорыць эйфарыю небывалага моцу, першы пацалунак накрывае з галавой так, што хочацца заставацца ў акіяніе пяшчоты вечна, першы сэксуальны досвед (калі ён пераплятаецца з каханнем) раскрывае неверагодныя здольнасці нашага цела і розуму насалоджвацца блізасцю і даверам да бліжняга. І гэта ўсё — не абавязкова праўда. Каханне бывае розным і перажываецца па-рознаму. Таму не варта параўноўваць.
Крыніца: Галерэя сучаснага мастацтва Ў