Аб тым, што значыць быць выпускніцай ЕГУ у другім пакаленні, а таксама даследчым і грамадскім і палітычным жыцці беларусаў Швецыі — у адмысловым інтэрвію з Алесяй.
Адкуль ты даведалася пра ЕГУ? Што паўспрыяла на выбар? Чаму выбар паў на паліталогію?
У 2008 годзе мая мама скончыла магістратуру па паліталогіі ў ЕГУ, таму пра ўніверсітэт я чула задоўга да рашэння там навучацца. Але, калі я агучыла рашэнне абраць паліталогію, мама спрабавала мяне адгаварыць ад гэтага накірунку (здаецца, казала, што гэта не так весела, як турызм, напрыклад). Шчыра кажучы, я вырашыла паступаць у ЕГУ толькі ў лютым апошняга году навучання ў гродзенскім Ліцэі. Спачатку я арыентавалася на паступленне ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, бо вучылася ў філалагічным класе. Але потым неяк неверагодна зацікавілася сусветазнаўствам, якое, дзякуючы адданаму і вельмі строгаму настаўніку, не было падобна на набор нецікавых лекцый. Таму рашэнне паступаць у ЕГУ было хутчэй спантанным, я не магу сказаць, што паспела падтрыхтавацца да іспытаў нават.
Варта, канечне, дадаць, што ў 16 год, калі я паступала ў ЕГУ, я ўжо добра разумела, што адбываецца ў краіне і вырашыла, што, калі Беларусь — то вучоба не на паліталогіі, а калі на паліталогіі, то не ў Беларусі.
Ці стаў ЕГУ тым месцам, якое змагло забяспечыць цябе неабходнымі ведамі для далейшага развіцця у гэтай сферы?
У маім выпадку ўсё склалася такім чынам, што мне трапляліся цудоўныя выкладчыкі, адданыя сваёй справе, якія былі здольныя сфарміраваць здольнасіць да крытычнага мыслення, самааналізу, разуменне сваіх магчымасцяў і шляхоў іх дасягнеяння. Таму я магу дакладна сказаць, што дэпартамент паліталогіі і сацыяльных навук у складзе тых людзей, якія мяне навучалі, стаў маім Alma mater і дазволіў паверыць у сябе.
Наколькі нам вядома, то далейшую сваю адукацыю ты атрымала ўжо ў Швецыі ў Стокгольмскім універсітэце. Чаму менавіта там?
На 4-ым курсе ЕГУ я не разумела, куды я патраплю, але разумела, што падаваць трэба хаця б у некалькі ўніверсітэтаў. Я падала дакументы ў Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт, куды патрапіла, але не на поўную стыпендыю, і ў чатыры шведскіх універсітэта. Пры запаўненні заяўкі ў Швецыі трэба раставіць універсітэты ў прыярытэтным парадку, і пасля па выніках нельга абраць універсітэт трэці ў прыярытэце, калі цябе ўзялі ў той, што стаяў на першым месцы. Я паступіла ва ўсе чатыры, ўключаючы Стакгольмскі універсітэт, які быў на першым месцы майго спісу. Атрымаўшы ў дадатак поўную стыпендыю Шведскага інстытута па праграме Visby я канчаткова вырашылася ехаць. Фінансавае пытанне стала важным, бо калі б я абірала па прэстыжнасці, дык абрала б ЦЭУ. Пасля трох гадоў сталай стыпендыі і гранта праф. Уладзіміра Фурса на 4 курсе ў ЕГУ, мая звычка прасіць сур’ёзных сумаў у бацькоў атрафіравалася, было няёмка. Таму пры магчымасці атрымаць цалкам бясплатную адукацыю з магчымасцю самастойна плаціць за жыллё і астатняе ў Швецыі пераважыла.
Якія ўмовы паступлення?
Умовы паступлення я не ведаю, бо ацэньваюць студэнтаў у параўнанні адзін да аднаго і тады з набору аплікацый абіраюць патрэбную колькасць студэнтаў. Трэба было здаць TOEFL/IELTS. Я здавала апошні і патрабаванні да яго былі — мінімум 6 балаў. Але адразу скажу, што для вучобы ў менавіта маім універсітэце 6 балаў па IELTS — не дастатковыя веды для камфортнага навучання, мне было цяжка, хоць я і атрымала бал вышэй. Думаю, звяртаюць увагу і на рэкамендацыйныя лісты, і на эсэ на ангельскай мове, якое многія ўніверсітэты патрабавалі далучыць да заяўкі.
У сакавіку мінулага года ты была аднагалосна абрана кіраўніцай Асацыяцыя беларускай дыяспары ў Швецыі. Распавядзі, калі ласка, пра першыя крокі да пасады, ужо пад час пераезду у Швецыю?
Гэта дакладна не былі нейкія крокі ці план. Пасада кіраўніцы рады «Беларусы Швецыі» — ганаровая і важная пасада. Хаця, мы цалкам валанцёрская арганізацыя, то бок я не магла арыентавацца на жыццё заснаванае толькі на гэтай пасадзе. Як гэта здарылася? Яшчэ ў 2015 годзе я адгукнулася на запыт арганізацыі пра настаўнікаў моўных курсаў Мова нанова ў Стакгольме. Так і пазнаёмілася з прадстаўнікамі арганізацыі. Адно мерапрыемства за другім і стала больш цікавіцца арганізацыяй, дапамагаць рабіць нешта, пісаць і г.д. 30 сакавіка 2019 году я не вельмі была гатова да пасады ў сваёй галаве, хоць і ведала, што многія чальцы агучвалі, што хочуць, каб я гэтае месца заняла. Але як толькі мяне абралі, я адчула, што цалкам гатова думаць, рабіць, каардынаваць.
Думаю многія не ведаюць, пра тое, які ўдзел ты ўжо ўнесла ў жыцце беларусаў у Швецыі. Ці сапраўды шмат людзей падтрымалі цябе ў той момант і памаглі ў рэалізацыі мітынгу за змену назвы Беларусі «Vitryssland», што па-шведску азначае Беларосія на назву Беларусь, і наколькі ўдалым у выніку атрымалася дадзенае мерапрыемства? Раскажы пра яго.
Змена назвы Беларусі ў Швецыі не завязана на адным мерапрыемстве і чалавеке. Гэтая справа пачалася яшчэ ў 2009 годзе, калі самы першы склад арганізацыі пачаў камунікацыю з чыноўнікамі, палітыкамі і мовазнаўцамі. Пэўны поспех быў дасягнуты многа год таму, калі ў афіцыйных дакументах Швецкага МЗС з’явілася карэктная назва нашай краіны ў дужках. Але пазней кампанія не прыносіла вялікага поспеху. Летась той чалавек, які пачынаў калісьці займацца зменай назвы, вярнуўся ў раду Беларусаў Швецыі. Зварот супаў з інтарэсамі большасці арганізацы,і і мы заняліся справай. Мы пачалі збіраць подпісы сярод шведскіх грамадскіх арганізацый, якія працуюць з краінамі Усходняга партнёрства, на петыцыю, накіраваную Міністру міжнароднага развіцця і кааперыцыі Швецыі. Менш чым за месяц, мы сабралі подпісы ад 40 арганізацый. Мы атрымалі адказ, што наш ліст-петыцыя атрыманы — чакайце адказу. Мы чакалі месяц-два і вырашылі прыцягваць увагу іншым чынам. Мой калега прапанаваў ідэю пікету і амаль цалкам узяў арганізацыю на сябе. За тыдзень трэба было ўзгадняць пікет з паліцыяй, арганізоўваць і заангажозваць людзей да ўдзелу. За дзень да пікету мы малявалі транспаранты і прыбівалі іх на драўляныя слупкі да 22 вечара, правяралі мегафон і касцюм мядзведзя. А ў дзень пікету мы стаялі некалькі гадзінаў і прыцягвалі ўвагу праз правомы ў мегафон, раздавалі тлумачальныя лістоўкі шведам, які праходзіла міма. Я не магу распавядаць дэталі камунікацыі са шведскім МЗС, які займаўся дыпламатычнай зменай назвы, але пасля пікету мы ведалі, што наша праца была плыннай. Заставалася толькі дачакацца афіцыйнага пацверджання і тут патрэбны быў правільны палітычны момант. Анн Ліндэ, новая кіраўніца МЗС Швецыі паляцела ў Беларусь з першым задоўга візітам. Гэтая падзея і стала добрай нагодай абвясціць змену назвы. Змена назвы ў дакументах МЗС не патрабуе грамадства ці медыя выкарыстоўваць назву Belarus замест Vitryssland. Але на наступны дзень пасля гэтай навіны я выступала ў Парламенце Швецыі па тэме выбараў у Беларусі і першае, што абвясцілі ўдзельнікам — калі ласка, старайцеся выкарыстоўваць новую назву краіны. Сёлета ў траўні шведскі моўны інстытут Mediaspråkgruppen, які выдае рэкамендацыі па правілах напісання для шведскіх медыя, парэкамендаваў выданням карыстацца назвай Belarus. І хоць гэта не абавязкова, большасць СМІ імегненна перайшлі на карэктную назву краіны і напісалі пра Беларусь нейкі артыкул. Варта адзначыць, што да нашай кампаніі шмат шведскіх грамадскіх арганізацый і так выкарыстоўвалі карэктную назву, разам з імі і выданне Dagens Nyheter. Але глабальна грамадскі настрой адносна гэтага пытання — гэта хутчэй неразуменне, і пры тлумачэнне амаль усе шведы мне казалі «о, зразумела, больш не буду казаць Vitryssland».
І хоць кампанія скончылася з нашага боку, яе вынікі працягваюць радаваць. Напрыклад, на маім пасведчанні на жыхарства, які я нядаўна аднавіла, упершыню за столькі год напісана «месца паходжання: Belarus». І я ведаю, што гэта нашая заслуга!
Чым яшчэ ты займаешся акрамя палітычнага жыцця?
Па-першае, мне цяжка сказаць, што я займаюся палітычным жыццём, хаця ў нейкай ступені — так. За 5 год у Швецыі я скончыла 2 магістратуры, па паліталогіі і журналістыцы, працавала тут з двума грамадскімі арганізацыямі і адной дзяржаўнай на праектах, звязаных з назіраннем за выбарамі і правамі чалавека. Паралельна я працягвала супрацу з Беларуссю — пісала для Belarus Digest, CityDog, апошні год пішу пра Беларусь для англамоўнай старонкі Белсату. Зараз, пасля сканчэння другой магістратуры па журналістыцы, я стала першай Vitali Silitski Fellow у Цэнтры новых ідэй, дзе займаюся напісаннем аналітычных тэкстаў і працай над новым індэксам па Беларусі. З верасня я пачынаю працаваць і навучацца на паліталагічнай дактарантуры ўніверсітэту Карлштад.
Якую параду ты б магла даць нашым студэнтам і абітурыентам бакалааўрскай праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка»?
Глядзіце за межы звыклага, камфорт не вядзе да дасягненняў, трэба пастаянна сябе матываваць і не забываць, што свет не такі страшны і трэба заўжды спрабаваць.
Дзякуй за інтэрвію.