Анімацыйная школа «Рухавічок» распачынае прыём заявак

Школа па анімацыі «Рухавічок» з’яўляецца часткай праекта «Гуманітарная лабараторыя», які рэалізуецца Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) пры падтрымцы Open Society Foundations.

Адна з асноўных мэтаў першай летняй анімацыйнай школы «Рухавічок» – даць удзельнікам практычныя веды, каб пасля тыдня заняткаў яны змаглі самастойна ствараць з дзецьмі кароткія анімацыйныя фільмы.

На працягу пяці дзён удзельнікі/удзельніцы пазнаёмяцца з асновамі анімацыі, яе відамі, рознымі тэхнікамі і метадамі выкладання для дзяцей. Яны навучацца самі пісаць сцэнары, ствараць персанажаў, аніміраваць, агучваць і мантаваць матэрыял. Апроч гэтага, прафесійныя трэнеры распавядуць пра неабходныя праграмы і тэхнічныя моманты, падзеляцца ўдалымі прыёмамі і карыснымі спасылкамі.

Пасля праходжання анімацыйнай школы плануецца, што ўдзельнікі будуць гатовыя да правядзення майстар-класаў па анімацыі для дзяцей у межах другога этапу праекта. У першую чаргу, для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна неабароненым становішчы.

Удзел у праграме бясплатны. Арганізатарамі аплочваюцца пражыванне, харчаванне, пакрываюцца выдаткі на праезд па Беларусі.

Час і месца: Гомель, з 20 па 25 чэрвеня.

Колькасць месцаў — 15 чалавек.

Дэдлайн падачы заяўкі — 20 траўня 2016 года.

Інфармацыя аб трэнерках:

  • Герашчанка Марта, ЕГУ (Дызайн і Медыя). З 2011 года – аніматарка і мастачка на кінастудыі «Беларусьфільм», «Саюзмультфільм»; дызайнерка-фрылансер і ілюстратарка дзіцячых кніг. Арганізатарка і выкладчыца майстар-класаў па анімацыі для дзяцей і дарослых у Беларусі і Літве.
  • Пучкова Марыя Міхайлаўна, Мінскі каледж мастацтваў (дызайн), Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (графічны дызайн і рэклама). З 2008 года – мастачка і аніматарка анімацыйнага кіно (кінастудыя «Беларусьфільм», «Саюзмультфільм», студыя «Пілот»). Выкладчыца анімацыі ў розных дзіцячых анімацыйных студыях, а таксама валанцёрка ў дзіцячай анімацыйнай студыі пры дзіцячым анкацэнтры ў Бараўлянах.
Назад