Якая была ідэя стварэння артбука і што было вашым асноўным натхненнем пры яго распрацоўцы?
Сяргей: Натхненнем і ідэяй была менавіта паездка ў Фларэнцыю са студэнтамі нашага Дэпартамента. У нашай методыцы, навучанне адбываецца па так званых топасах. І, адпаведна, студэнты Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў, усіх трох нашых праграм: Тэатра, Дызайну, Еўрапейскай спадчыны, маюць такую ўнікальную магчымасць – пазнаёміцца з еўрапейскай спадчынай, разабрацца, што такое humanities, на месцы.
Падзяліцеся вашымі ўражаннямі аб праекце
Уладзімір: Можна сказаць, што за ўсю гісторыю дызайну ЕГУ такога маштабнага праекту, як Фларэнційскі, Genius Loci, не было ўвогуле. Таму што гэта вялізная выстава, якая складалася з 80 работ А1 фармату, якая была прадстаўлена. І ў выніку ўсе работы ўдзельнікаў арт-экспедыцыі сталі асновай для артбука. Я, напрыклад, не памятаю нічога і блізка, каб было па маштабе, па сродках, па ўкладзеных сілах, нават падобна на гэта.
Што трэба, каб адправіцца з выкладчыкамі ў такі “навучальны ваяж”?
Сяргей: Натуральна, акадэмічныя поспехі, добрае партфоліё, плюс нейкі праект прапануецца зрабіць, каб там на месцы рэалізаваць свае ідэі. Мы прапануем некаторы камертон, сёлета гэта было “Выгнанне”, а калі надумалі зрабіць артбук – гэта быў фенамен Genius Loci. На месцы мы з выкладчыкамі і студэнтамі гэты фенамен разглядалі, у выглядзе воркшопаў, мы адмыслова хадзілі па нейкіх месцах, дзе можна было знайсці гэтых геніусаў лочы, антычных бажкоў, духаў, якія берагуць некаторыя месцы, бажочкаў, якіх нельга злаваць.
У выніку, вялікая група студэнтаў-дызайнераў нарабіла масу візуальнага матэрыялу, цікавыя праекты, а студэнты праграмы Еўрапейская спадчына і іх кіраўнікі, выкладчыкі, напісалі адмысловыя тэксты. Як аб’яднаць тэксты і візуальныя матэрыялы, было прыдумана ў выглядзе такога ўнікальнага праекта, як супольны артбук, дзе бачны ўнёсак, як студэнтаў, так і іх выкладчыкаў. А паколькі мы былі ўсе разам, то мы наш агульны досвед саккамулявалі ў выглядзе гэтага выдання.
Якія тэмы і канцэпцыі даследуюцца ў артбуку? Якой вы бачыце яго мэтавую аўдыторыю?
Сяргей: Перад усім, гэта фенамен Genius Loci. Мы сваім прадуктам, вось гэтым артбукам, апелюем, звяртаемся да тых, хто ўяўляе сабе, што такое Фларэнцыя, чым унікальны яе фенамен, і ведае імёны Фларэнцыі, сканчаючы нашым земляком, Міхалам Агінскім, які менавіта ў Фларэнцыі напісаў свой славуты паланэз “Развітанне з радзімай”. Для дасведчанай аўдыторыі, якая гэта ўжо недзе ведае, і можа свае адчуванні і досвед параўнаць з нашымі інтэрпрэтацыямі.
Ці можаце вы расказаць аб некаторых з выдатных работ, прадстаўленых у артбуку? Якая іх значнасць у кантэксце сучаснага мастацтва і гуманітарных навук?
Сяргей: Адпаведна, працы студэнтаў ствараліся цалкам там на месцы. Студэнты рэалізоўвалі свае праекты пад кіраўніцтвам настаўнікаў. І, адпаведна, мы мэтава ўжо адбіралі нешта такое, што можа адлюстраваць нашыя праекты. А тэксты, у тым ліку і мой тэкст, і студэнтаў, павінны былі не тое, што адлюстроуваць, але дапаўняць гэты візуальны шэраг. Такім чынам, многія працы без гэтага арбука вымагаюць каментары, роўна як і тэксты, але тэксты, разам з творамі, дызайнерскімі, графічнымі, створанымі разам на месцы, яны ствараюць нейкі такі гіпертэкст, такі суцэльны культурны прадукт, такое нераз’ёмнае злучэнне.
І разам з творчасцю, з працамі, гэта стварае вельмі цікавы незвычайны фенамен, накіраваны на папулярызацыю ведаў пра Фларэнцыю, дэманстрацыю таго, што можна дасягнуць у супрацы са студэнтамі, у міждысцыплінарным ключы, калі выкладчыкі культуралогіі і гісторыкі, мастацтвазнаўцы з дызайнерамі, фатографамі, разам ствараюць нейкія такія супольныя прадукты, вось гэта, вядома, унікальны фенамен.
Якія выклікі і цяжкасці ўзнікалі пры стварэнні гэтага артбука, і як яны былі пераадолены?
Сяргей: Вядома, яны ёсьць зауседы, першы выклік – гэта адбор і рэдактура матэрыялу.
Якім чынам адбіраліся працы?
Сяргей: Быў вялікі прагляд, дэманстрацыя ўсіх гэтых партфоліё. Былі раздрукаваны вялікія постэры, якімі былі завешаны ўсе калідоры нашага Універсітэта, завершаныя самастойныя праекты. З гэтага усяго хараства трэба было адабраць нейкія выключныя рэчы, якія, з аднаго боку, рэпрэзентуюць аўтара, студэнтаў і выкладчыкаў, а з другога – усё ж такі спрыяюць раскрыццю агульнай ідэі. Гэта было не проста, бо ёсць ужо дарослыя аўтары – выкладчыкі, ёсць студэнты, якія толькі вучацца, і вось сумясціць гэта ў нешта адзінае, стварыць такую шматгалосную сімфонію – гэта было не проста.
Якія перспектывы і планы ў Кафедры гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ наконт будучых праектаў і даследаванняў у галіне мастацтва і гуманітарных навук?
Сяргей: Наш Дэпартамент плануе і надалей такія паездкі, і ў Парыж, і ў Фларэнцыю, і ў Афіны, дзе на месцы будуць вывучацца гэтыя фенамены. Неўзабаве выйдзе на нашым Дэпартаменце чарговы альманах CTRL+, чацвёрты, рэдактарам якога з’яуляецца наш дацэнт Сцяпан Стурэйка. На гэты раз гэты альманах будзе прысвечаны праву на спадчыну, нашым правам на культурную спадчыну. Гэта з найбліжэйшых планаў.
Якая роля і значэнне мастацтва ў сучаснай адукацыі і даследаваннях ў галіне гуманітарных навук?
Уладзімір: Я думаю, што яна вялізная, таму што нават вывучаючы сацрэалізм можна зрабіць правільныя высновы ў параўнальным аналізе. Для сябе разумець, што такое добра і што такое кепска. Адмоўныя прыклады мастацтва вельмі важныя і для адукацыі, і ў цэлым для выхавання пачуццяў, як гэта было некалі. Таму я лічу, што нагляднасць, асабліва нагляднасць творамі сусветнага мастацтва, дапамагае людзям творчых прафесій, напэўна, выпрацаваць унутраны арыенцір, унутраны рэперны пункт, пры дапамозе якога яны могуць сувымяраць наогул усё.
І, як паказаў досвед, арт-экспедыцыя нікога не пакінула ранейшым. Я папярэджваў аб гэтым перад пачаткам экспедыцыі, што гэты досвед зменіць усіх. У гэтым фокус Genius Loci, ён уплывае падспудна, але чалавек становіцца іншым пасля сустрэчы з ім. Самі студэнты сказалі, што яны сталі іншымі пасля экспедыцыі. У гэтым і ёсць, мусіць, уплыў мастацтва на навакольнае асяроддзе.