Зварот Сената і акадэмічнай супольнасці ЕГУ з нагоды магчымай дыскрымінацыі беларускіх даследчыкаў у міжнародных акадэмічных праграмах

Фота: Kilimas Arts

Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт, які падвергся палітычна матываваным рэпрэсіям рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, з 2005 г. з’яўляецца беларускім універсітэтам у выгнанні і дзейнічае ў якасці літоўскай установы вышэйшай адукацыі. У першыя гадзіны расійскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне ЕГУ бескампрамісна асудзіў дзеянні Расійскай Федэрацыі і ясна выказаў пратэст супраць выкарыстання тэрыторыі і самаго імя Беларусі ў ваенных акцыях у выніку злачыннай дамовы паміж самаабвешчаным прэзідэнтам А. Лукашэнкам і прэзідэнтам Пуціным.

Мы звяртаем увагу міжнароднай акадэмічнай супольнасці на тое, што вайна Расійскай Федэрацыі супраць Украіны ўяўляе смяротную пагрозу не толькі для дзяржаўнасці Украіны, але і для дзяржаўнасці Беларусі. Мы заклікаем міжнародных калег распазнаваць гэтую небяспеку і суадносіць свае стратэгіі з каштоўнасцю захавання ўкраінскім і беларускім народамі атрыбутаў незалежнасці, сярод іх – свабоднае акадэмічнае асяроддзе.

Мы салідарызуемся з міжнароднай акадэмічнай супольнасцю, якая аказвае тэрміновую дапамогу ўкраінскім навукоўцам і студэнтам, і са свайго боку робім усё, каб быць сапраўды карыснымі ў гэтай справе.

Цалкам падзяляючы неабходнасць разрыву адносін з тымі інстытуцыямі ў Беларусі, якія не асудзілі адназначна ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну, мы таксама ўпэўнены, што нават у такой драматычнай сітуацыі ў беларусаў павінна быць магчымасць удзелу ў міжнародным руху салідарнасці з Украінай, роўна як і ўдзелу ў міжнародных акадэмічных праектах і праграмах.

З’яўляючыся беларускім універсітэтам у выгнанні, мы заўсёды ганарыліся інтэрнацыянальным калектывам выкладчыкаў і даследчыкаў. Будучы добра знаёмымі з сітуацыяй у беларускім грамадстве, мы заклікаем нашых еўрапейскіх калег працягваць супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі, актывістамі і цэлымі арганізацыямі, якія захавалі сваю каштоўнасную і грамадзянскую пазіцыю, тым самым узмацняючы, а не аслабляючы навуковы і грамадскі патэнцыял, які паслужыць базай для фарміравання новага акадэмічнага асяроддзя пасля вайны і будзе цесна інтэграваным ў міжнародную акадэмічную супольнасць.

Мы перакананыя, што павінны разам працягваць працу па фарміраванні новага пакалення студэнтаў. Разумеючы надзвычайную далікатнасць даверных і дружалюбных міжнародных адносін у навуцы, мы заклікаем нашых калег у акадэмічнай сферы рабіць усё магчымае, каб прадухіліць рызыку знішчэння міжнароднай акадэміі як унікальнай супольнасці, заснаванай на ўніверсальных агульначалавечых каштоўнасцях і захаваць інтэлектуальны патэнцыял нашых краін.

Назад