Заяўка на працяг ліцэнзіі ЕГУ была пададзеная ў жніўні 2018 года. Аснова заяўкі — Стратэгія ЕГУ на 2019-2024 гады, дзе адным з ключавых накірункаў з’яўляецца інтэрнацыяналізацыя ўніверсітэта. Апроч выдання новай ліцэнзіі Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы зарэгістраваў адноўленыя навучальныя праграмы ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.
Па словах Рэктара праф. Сяргея Ігнатава: «Атрыманне новай адукацыйнай ліцэнзіі завяршае пераходны перыяд развіцця ЕГУ, хачу падзякаваць усім, хто быў уцягнуты ў працэс падрыхтоўкі дакументацыі. Далей наш універсітэт прыступае да актыўнай інтэрнацыяналізацыі навучальнага працэсу і акадэмічнага асяроддзя. Падчас прыёмнай кампаніі ЕГУ прапануе абітурыентам цалкам перагледжаны змест навучальных праграм, а таксама зусім новыя праграмы, як, напрыклад, доўгачаканая магістарская праграма ў галіне дызайну».
У 2019 годзе ЕГУ ладзіць набор на 8 навучальных праграм, сярод якіх бакалаўрскія праграмы «Візуальны дызайн», «Еўрапейская спадчына», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», праграма бесперапыннага навучання «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза», магістарскія праграмы «Візуальная пластыка», «Публічная палітыка», «Развіццё культурнай спадчыны» і доктарская праграма па кірунку «Філасофія».