З’яўляючыся беларускім універсітэтам у выгнанні, які знаходзіцца ў Літве, мы як ніхто разумеем важнасць еўрапейскіх каштоўнасцяў і акадэмічных свабод у пабудове гарманічнага свету.
Мы заклікаем усе войскі неадкладна спыніць агонь і перадаць слова дыпламатам і праваабаронцам. Каштоўнасць правоў чалавека ўніверсальная і павінна стаць асновай для перамоваў бакоў.
Мы заклікаем акадэмічную супольнасць усіх краін, уцягнутых у бягучы канфлікт – даследчыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў, не адыходзіць ад гуманістычных ідэалаў, садзейнічаць устанаўленню міру ў рэгіёне, не падзяляючы, а аб’ядноўваючы народы.
Мы звяртаемся да калег, якія адчуваюць ціск або пагрозы. Мы будзем намагацца аказаць вам пасільную дапамогу і падтрымку.
Разам мы можам зрабіць шмат: давайце зараз дапаможам нашым урадам спыніць вайну і вярнуць нашых студэнтаў у аўдыторыі.