Маці Сафіі Сапега — выпускнікам ЕГУ: «Станаўленне асобы – галоўны вынік студэнцтва»

Фота: Kilimas Arts

2 ліпеня ў унутраным двары Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прайшла ўрачыстая Цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам 2021 года. Для тых, хто не змог прыехаць на мерапрыемства была арганізавана анлайн-трансляцыя ў YouTube.

Дадзеная Цырымонія ўручэння дыпломаў стала трынаццатай па ліку для выпускнікоў бакалаўрыяту і пятнаццатай для выпускнікоў магістратуры з моманту пераезду ЕГУ ў Вільню.

Выпускнікоў універсітэта прыехалі павіншаваць высокапастаўленыя госці: прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Літвы, уключаючы віцэ-міністра д-ра Мантаса Адаменаса, Амбасадары і павераныя ў справах краін Еўропы і ЗША, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Літве.

Цырымонія пачалася з сумеснага выканання студэнцкага гімна «Gaudeamus Igitur», пасля якога Рэктар ЕГУ Праф. Сяргей Ігнатаў павітаў удзельнікаў Цырымоніі: «Я хачу скарыстацца гэтай магчымасцю і шчыра падзякаваць выкладчыкам і супрацоўнікам ЕГУ, якія знаходзяцца разам з намі на Цырымоніі або сочаць за ёй анлайн. Восем з дзевяці апошніх месяцаў мы былі вымушаныя, як і ўвесь акадэмічны свет, працаваць у дыстанцыйным рэжыме. Нягледзячы на ​​эмацыйную знясіленасць, а таксама адсутнасць асабістых зносін, мы змаглі пераканацца ў тым, што экспертыза ЕГУ ў галіне дыстанцыйных і інтэрактыўных методык адукацыі дазволіла нам ніколькі не ахвяраваць якасцю адукацыі і даследаванняў у гэтым годзе».

Прамову Рэктара працягнуў кранальны выступ вядомай беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, былой салісткі Вялікага тэатра Беларусі. Падчас Цырымоніі яна выступіла з трыма кампазіцыямі: «Воіны святла», «Bella Ciao», «Пагоня».

Ад імя ганаровага госця Цырымоніі, міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса да гасцей і членаў супольнасці ўніверсітэта звярнуўся віцэ-міністр замежных спраў Літвы д-р Мантас Адаменас: «У святле рэпрэсій надзвычай важна ўмацаваць універсітэт і мабілізаваць міжнароднае фінансаванне, даступнае для ЕГУ. Беларускі народ заслугоўвае акадэмічнай установы (нават у выгнанні), у якой паважаюць акадэмічную свабоду. Падтрымка ўніверсітэцкай адукацыі – гэта доўгатэрміновая інвестыцыя ў будучае пакаленне Беларусі».

Таксама падчас Цырымоніі ад імя кіраўніка Дэлегацыі ЕС у Беларусі Амбасадара Дзірка Шубеля з віншавальнай прамовай да выпускнікоў універсітэта звярнуўся Бэранд Дэ Грот: «Станьце амбасадарамі. Амбасадарамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Садзейнічайце прасоўванню сваёй Альма-матэр. Паглядзіце на магчымасці для будучых пакаленняў: тое, што вы бачылі, але таксама і тое, чым можа стаць універсітэт для іх».

Падчас Цырымоніі ўжо дзевяты раз былі абвешчаныя вынікі штогадовага галасавання на атрыманне ўзнагароды «Выдатнаму выпускніку ЕГУ». У гэтым годзе ўзнагарода дасталася выпускніку бакалаўрскай праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» 2019 года Мікалаю Дзядку. Мікалай Дзядок – грамадска-палітычны дзеяч, блогер, журналіст, уладальнік некалькіх прэмій, які актыўна і сумленна выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Ўзнагароду за Мікалая атрымаў яго сябар, паколькі сам Мікалай не змог прысутнічаць на Цырымоніі: ён з’яўляецца палітычным зняволеным.

Звання лепшага выпускніка бакалаўрыяту ЕГУ ўдастоены выпускнік праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» Цімафей Місюкевіч, які павіншаваў выпускнікоў не толькі ад свайго імя, але і ад імя Студэнцкага прадстаўніцтва ўніверсітэта.

Звання лепшай выпускніцы магістратуры ЕГУ ўдастоена выпускніца праграмы «Развіццё культурнай спадчыны» Святлана Кандрацьева. Яна звярнулася да ўсіх удзельнікаў Цырымоніі па анлайн-сувязі.

Разам з усімі сёння свой дыплом павінна была атрымаць і выпускніца праграмы «Міжнароднае права і права ЕС» Сафія Сапега, аднак яна не змагла гэтага зрабіць. Сафія Сапега – палітычная зняволеная. Ад яе імя па анлайн-сувязі да выпускнікоў звярнуліся бацькі. Супольнасць універсітэта выказвае падзяку бацькам Сафіі за тое, што яны знайшлі ў сабе сілы прыняць удзел у Цырымоніі, нягледзячы на ўсе перажыванні, звязаныя з абуральна несправядлівай сітуацыяй, у якой знаходзіцца іх дачка.

У сувязі з вонкавымі абставінамі далёка не ўсе выпускнікі змаглі прыехаць на Цырымонію ўручэння дыпломаў, аднак яны змаглі далучыцца да анлайн-трансляцыі Цырымоніі, запіс якой даступны ніжэй:

Пачынаючы з моманту вымушанага пераезду ЕГУ з Мінска ў Вільню ў 2005 годзе, 2692 выпускніка атрымалі дыпломы бакалаўраў і магістраў ЕГУ. Згодна з вынікамі незалежнага сацыялагічнага даследавання, праведзенага кампаніяй Satio (Civitta group), 67% выпускнікоў вяртаюцца ў Беларусь пасля заканчэння вучобы ў ЕГУ.

Назад

Галерэя