Міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад пагутарыў са студэнтамі ЕГУ

Фота: Kęstutis Kurienius

7 ліпеня Міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад наведаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) у рамках афіцыйнага візіту ў Літву. Адной з асноўных мэт візіту стала знаёмства са студэнтамі ўніверсітэта.

Рэктар універсітэта Праф. Сяргей Ігнатаў павітаў Міністра Епэ Кофада і падзякаваў яму за ўсебаковую падтрымку, што аказваецца супольнасці ЕГУ з боку Даніі.

Пасля гэтага Міністр Епэ Кофад звярнуўся да студэнтаў, якія прынялі ўдзел у сустрэчы і адзначыў, наколькі важным для Даніі з’яўляецца падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі. Міністр Епэ Кофад пацікавіўся станам спраў у студэнтаў і магчымасцю аказання ім дадатковай падтрымкі.

Студэнты распавялі пра сябе і вучобу ва ўніверсітэце, падзяліліся сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі і магчымай ролі Даніі ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, а таксама адзначылі ключавую важнасць ліберальнай адукацыі, якая прадастаўляецца ЕГУ, як базы для выхавання новага пакалення актыўных, вальнадумных і адукаваных грамадзян Беларусі.

Данія заўсёды аказвала актыўную падтрымку Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту: яна была адной з першых краін, якія падтрымалі беларускі ўніверсітэт у выгнанні пасля яго закрыцця ў Мінску і пераезду ў Вільню. Акрамя гэтага, выбітны дацкі дыпламат Амбасадар Пэр Карлсэн, які займаў пасаду старшыні Кіроўнай рады ЕГУ да канца 2019-ага года, а пазней уваходзіў у групу Friends of EHU, унёс неацэнны ўклад у развіццё ўніверсітэта.

Данія працягнула падтрымліваць супольнасць ЕГУ і пасля выбараў Прэзідэнта 2020-ага года: Новы дэмакратычны фонд (Den Ny Demokrati-fond), заснаваны пры садзейнічанні Міністра Епэ Кофада вылучыў 300 000 дацкіх крон (каля €40 000) на аказанне дапамогі студэнтам, якія сутыкнуліся з палітычным ціскам у Беларусі.

Назад

Галерэя