Рэктар праф. Сяргей Ігнатаў павітаў Прэзідэнта Эстоніі ў навучальным корпусе ЕГУ: «Нягледзячы на адсутнасць беларуска-эстонскага памежжа, сувязь паміж двума народамі вельмі моцная. Беларусь і Эстонія шырока вядомыя ў галіне IT-сектара. Для нас, універсітэта ў выгнанні, развіццё тэхналогій непарыўна звязанае з развіццём грамадзянскай супольнасці, крытычнага мыслення і дэмакратычнага выхавання. Сувязь паміж Эстоніяй і ЕГУ бярэ пачатак яшчэ ў тыя гады, калі мы былі вымушаныя пакінуць радзіму. Хачу падзякаваць народу Эстоніі за ўсю падтрымку, аказаную Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, і веру, што сённяшняя сустрэча яшчэ больш умацуе сувязь паміж ЕГУ і Эстоніяй».
З-за абмежаванняў, выкліканых пандэміяй, колькасць удзельнікаў сустрэчы была абмежавана, аднак для ўсіх жадаючых далучыцца да імпрэзы была арганізавана анлайн-трансляцыя на афіцыйных старонках ЕГУ ў Facebook і Instagram.
Паводле Прэзідэнта Кальюлайд: «Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі – гэта не “яшчэ адна Украіна”. Народ Беларусі выходзіць на дэманстрацыі дзеля захавання палажэнняў Хельсінскіх пагадненняў 1975 года. Дадзены дакумент быў падпісаны Савецкім Саюзам, таму ўлады Беларусі абавязаны выконваць яго ўмовы. Аднак нас не здзіўляе, што яны гэтага не робяць. Мы стараемся падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, таму мы падтрымліваем гэту адукацыйную ўстанову і будзем працягваць у будучыні. Мы iмнемся не ўмешвацца ва ўнутраную палітыку Беларусі. У беларускага народа ёсць права вырашаць за сябе».
У сваім выступленні Прэзідэнт Эстоніі надала асаблівую ўвагу ўзаемасувязі паміж эканамічнымі рэформамі і вяршэнствам права. «Эканамічныя рэформы вельмі важныя для пачатку станоўчых змен у краіне. Аднак вяршэнства закона, незалежнасць устаноў, свабода СМІ, права голасу, свабода думкі – стаяць на першым месцы», – заўважыла Прэзідэнт Кальюлайд.
Прэзідэнт Эстоніі падкрэсліла важнасць свабоды для дабрабыту дзяржавы: «Для таго, каб быць багатай краінай, людзі павінны ствараць, але толькі свабодныя людзі могуць быць па-сапраўднаму творчымі. У чым бы рэжым дыктатуры ні пераконваў народ, толькі тыя краіны, у якіх ёсць вяршэнства законаў, могуць стаць паспяховымі эканамічна. Эканамічная свабода і прадстаўленне магчымасцяў прадпрымальнікам – істотныя для росквiту краіны».
Напрыканцы прамовы Прэзідэнт Эстоніі параіла студэнтам звяртаць больш увагі на рашэнні, якія прымаюцца іншымі дзяржавамі і вучыцца на іх памылках або, наадварот, пазітыўным прыкладзе.
Пасля выступу Прэзідэнт Эстоніі прыняла ўдзел у дыскусіі з беларускімі студэнтамі ЕГУ, у тым ліку з тымі, хто атрымаў падтрымку з боку МЗС Эстоніі, каб працягнуць навучанне ў ЕГУ ў выніку ціску з боку ўладаў Беларусі. Прэзідэнт Эстоніі і студэнты ЕГУ абмеркавалі праблемы беспакаранасці, росту колькасці палітычных зняволеных, а таксама магчымай падтрымкі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху ў Беларусі з боку краін Еўрапейскага саюза.
Летась у снежні Міністэрства замежных спраў Эстоніі вылучыла 50 000 еўра для аказання падтрымкі студэнтам з Беларусі, якія сутыкнуліся з ціскам уладаў і былі вымушаны перавесціся ў ЕГУ.