Прэмія будзе нададзеная ў трох намінацыях: лепшая магістарская праца, лепшая бакалаўрская праца, лепшая творчая праца. Намінаваць можна любую працу, абароненую ў беларускай ВНУ ці ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду. Урачыстае ўручэнне прэміі адбудзецца на Сёмым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 15-17 верасня.
Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертнай рады, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін на аснове ананімнага галасавання.
Заклікаем аўтараў, а таксама іх навуковых кіраўнікоў намінаваць лепшыя студэнцкія працы і, такім чынам, паспрыяць вызначэнню лепшых студэнцкіх дасягненняў у сацыяльных і гуманітарных навуках. Для гэтага аўтарам трэба да 20 траўня даслаць працу і дадатковую інфармацыю на адрас premija@palityka.org.
Удзельнікам трэба азнаёміцца з дэталёвым апісаннем правілаў і патрабаванняў.