У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адкрыты бясплатныя курсы беларускай гісторыі і культуры

У восеньскім семестры 2022-23 навучальнага года Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ запусціў адукацыйныя праграмы па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

У пачатку навучальнага года быў аб’яўлены набор. Было пададзена больш за 80 заявак ад жадаючых прайсці курсы па гісторыі і культуры Беларусі, што сведчыць аб несумненнай цікавасці студэнтаў ЕГУ да абазначаных у апісанні курсаў тэмаў.

Студэнтам і супрацоўнікам былі прапанаваны два курсы на выбар:

  • Інтэлектуальная гісторыя Беларусі: постаці, ідэі, тэксты | выкладчыкі: гісторык, архівіст, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў; выдавец, гісторык ідэй, кандыдат філасофскіх навук Валер Булгакаў

Ці магчыма разумець гісторыю, не памятаючы датаў? Адкуль гісторыкі ведаюць як было на самой справе? Ці заўсёды перапісваюць гісторыю? І як гэта робіцца? Літвіны ці русіны? Як і калі з’явіліся Беларусь і беларусы? Чаму паўстанцы прайгралі ў 1830-31 і 1863-64? Чаму беларусы гавораць па-руску? “Вокны магчымасцяў”. Тэрор, рэпрэсіі, “узброены супраціў”. Гістарычная памяць і гістарычная палітыка – ці можна кіраваць мінулым? Аб гэтым, а таксама пра Слуцкія паясы, гісторыю эпідэмій і штодзённае жыццё, пра навуковыя штудыі і падарожныя нататкі і многае іншае пагаворым на курсе “Інтэлектуальная гісторыя Беларусі: постаці, ідэі, тэксты”.

  • Беларускае пісьменства ў кантэксце сусветнай культуры: літаратура, мова, пераклад | выкладчыкі: кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Шода; паэт, перакладчык паэзіі, літаратуразнаўца, эсэіст Андрэй Хадановіч

Ці можна за 60 гадзінаў вывучыць літаратуру? Вядома ж, не. Але можна пракласці надзейныя і цікавыя маршруты на карце сусветнай культуры, каб не заблукаць. А заблукаеце ў тэксце – вам жа лепей, асалода гарантаваная. Можна разбурыць стэрэатыпныя перагародкі між “беларускай”, “замежнай” і г.д. літаратурамі, бо літаратура – яна адна, а мова – толькі месца яе сустрэчы з чытачамі. Можна навучыцца бачыць у перакладчыку суаўтара. І нават самому зрабіцца суаўтарам кнігі, бо кожны прачытаны твор жыве ў вас, і другога такога ў сусвеце больш няма. Як казаў перад стартам Адам Міцкевіч: “Паехалі!”

Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў (ЦБРІ) быў створаны пры ЕГУ ў 2007 г. як інтэлектуальная пляцоўка для крытычнага асэнсавання гістарычных, палітычных, эканамічных і іншых праблем беларускага грамадства.

Назад