Спадар Сяргей, давайце паразважаем, што такое спадчына? Гэта выключна нейкія канкрэтныя аб’екты, ці спадчына таксама можа быць нематэрыяльнай?
Адказ на гэтае пытанне мы даем нашым студэнтам цягам некалькіх гадоў іх навучання ў ЕГУ. Ёсць розныя энцыклапедычныя дэфініцыі, ёсць вызначэнне панятка «спадчына» у законе Рэспублікі Беларусь. Яны ўсе, канечне, недасканалыя. Спадчына – гэта тое найбольш важнае, што мы хочам передаць наступнаму пакаленню. Гэта непаўторныя і ў рэгіянальным, і ў гістарычным кантэксце здабыткі. Часам гэта можа быць зусім незначная рэч, якая не мае вялікай матэрыяльнай вартасці, але мае вялікую мемарыяльную каштоўнасць. Уявіце пяро, якім пісаў Янка Купала. Гэта рэчы, якім мы надаем звышкаштоўнасць праз іх лёс і кантэкст.
Відавочна, спадчына ёсць матэрыяльная, але ёсць і нематэрыяльная. Самая галоўная спадчына любога народа – гэта мова, бясцэнны дар продкаў, які складаўся тысячагоддзямі. Гэта багацейшы фальклёр, у якім жывуць песні, народны тэатр, сама вобразнасць мовы, фразеалагізмы, казкі. Музычныя, песенныя традыцыі, касмаганічныя уяўленні пра светабудову, народныя прымхі, паданні ёсць багацейшы пласт нематэрыяльнай спадчыны, часткай якой з’яўляецца і прафесійная нематэрыяльная спедчына ў выглядзе прафесійнай літаратуры, культуры.
Давайце пагутарым пра нематэрыяльную спадчыну. У бліжэйшыя 2 гады большасць суседзяў Беларусі, а менавіта – краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя на нацыянальным узроўні будуць святкаваць стагоддзе незалежнасці, такім чынам адзначаючы свае дасягненні за гэты час. Ці будзе Беларусь удзельнічаць у працэсе камемарацыі сваёй дзяржаўнасці?
Натуральна, што стагоддзе беларускай дзяржаўнасці павінна быць адзначана. Стаўленне цяперашніх уладаў да Беларускай Народнай Рэспублікі неадназначнае і непаслядоўнае: спачатку БНР нібыта нармальна ўспрымалася, пасля апынулася ў забыцці, а пазалетась у дзяржаўнай прэсе раптам з’явіліся вялікія матэрыялы, у якіх роля БНР ацэньвалася пазітыўна. У любым разе БНР была абвешчана на паўтары гады раней за савецкую дзяржаўнасць. Нагадаю, што Беларуская Савецкая Рэспубліка была абвешчана ў Смаленску і толькі ў 1920 г. яна пераехала ў Мінск. Факт абвяшчэння БНР сцвердзіў суб’ектнасць беларускай нацыі, яе здольнасць выславіць такія ідэі, як поўная незалежнасць і дзяржаўны сувернітэт. Даробак БНР велізарны. І хоць яна не здейснілася як паўнавартасная дзяржава, было адкрытае шырокае прадстаўніцтва ў замежных дзяржавах, былі заснаваныя беларускія школы, быў адкрыты Мінскі настаўніцкі інстытут, які сёння Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Таму я лічу, што трэба ўжо сёння падбаць пра тое, як паказаць нашую дзяржаўнасць праз здабыткі культуры, творы мастацтва. Нагадаць пра тэатр, які быў створаны тады, пра тых дзеячоў навукі, культуры і мастацтва, якія былі рупліўцамі БНР, і прадэманстраваць унёсак у сістэму адукацыі.
Канечне, лепшым бы падарункам былі б беларускамоўныя падручнікі па мастацтвазнаўству, гісторыі і геаграфіі. І гэтая ідэя, якая раз на два гады агучваецца міністрам адукацыі, нарэшце, павінна быць увасоблена ў рэчаіснасць.
Вы з’яўляецеся вядомым спецыялістам у галіне рэстаўрацыі. Падзяліцеся, як мяняецца роля спадчыны пасля рэстаўрацыі. Ці ёсць у Беларусі паспяховыя прыклады рэстаўрацыі матэрыяльнай культурнай спадчыны?
Можа не так шмат, як хацелася б, але ёсць. Навідавоку аднаўленне Ратушы ў Мінску і Магілёве. Ратуша ў Магілёве – цалкам навуковы праект з доўгімі падрыхтоўчымі работамі, якія вяліся 30 гадоў.
Канешне, ёсць сціплыя дасягненні ў галіне рэстаўрацыі палацава-паркавых комплексаў. Ружаны завяршаюць, адноўлены Лошыцкі парк – нешта робіцца па ўсёй Беларусі. Выдатна аднавілі пад Брэстам у Скоках сядзібу Нямцэвічаў. Мы бачым, як гэтыя аб’екты пачынаюць служыць людзям. Напрыклад, сядзіба Рэпіна ў Здраўнева, якая была адноўленая паводле малюнкаў, сёння з’яўляецца адным з важнейшых турыстычных аб’ектаў, месцам прыцягнення людзей у ваколіцах Віцебска. Гэта цудоўны прыклад, як інвестыцыі ў рэстаўрацыю адкупіліся.
Бадай, у кожным райцэнтры Беларусі выдатна адрэстаўраваныя дзесяткі касцёлаў, цэркваў. Часам гэта проста тытанічная праца, асабліва на ўсходзе Беларусі, напрыклад, касцёлы у Рэчыцы ці Рагачове, якія ўздымаюцца з поўных руін. Важная акалічнасць, невядомая шырокай публіцы: пасля таго, як храмы былі адроджаныя, з’явілася вельмі шмат артэфактаў, абразоў, літургічных рэчаў, пра якія не ведалі нават мастацтвазнаўцы, зберажаныя прыватным чынам у дамах, у куфэрках, на паддашках. Людзі, якія рупліва перахавалі гэтую спадчыну, вярнулі яе ў храм. І гэта цешыць.
Як гістарычная спадчына, якая прайшла рэстаўрацыю, змяняе паўсядзённасць мясцовых жыхароў Беларусі?
Гэта праблемнае пытанне, бо большасць міжнародных нарматыўных дакумантаў, якія датычацца аховы гісторыка-культурных ландшафтаў, адным з галоўных пунктаў рэкамендуюць удзел мясцовага насельніцтва ў гэтых працэсах. Нажаль, мясцовыя жыхары Заслаўя, Полацка, а яшчэ ў большай ступені Нясвіжа ці Міра не атрымалі падаткавых ільготаў, дадатковых працоўных месцаў. З другога боку, у святле эканамічных зменаў у людзей з’явіліся дадатковыя крыніцы даходу, таму што сотні тысяч турыстаў прыязджаюць у Нясвіж, Мір і Полацк.
Мусіць адбывацца двухбаковы працэс: і самі людзі павінны праяўляць больш ініцыятывы, і ўлады павінны заахвочваць гэтае партнёрства. Я лічу, што ў гісторыка-культурных зонах, заказніках і запаведніках, мясцовыя людзі з мясцовай прапіскай мусяць мець сістэму хоць якіх ільгот, каб яны адчувалі, што наданне такога статусу прынясе ім карысць.
Мы знаходзімся толькі на пачатку гэтага шляха, і вось знайсці тыя рэкамендацыі, параіць правільнае рашэнне – гэта задача нашых сённяшніх студэнтаў і выпускнікоў, якія атрымліваюць сур’ёзную грунтоўную адукацыю і вывучаюць у тым ліку нарматыўна-прававую базу і адпаведныя прыклады ў свеце. Ужо сёння прыемна бачыць нашых выпускнікоў на розных турыстычных сцежках.
Беларусь і Літва маюць вялізную колькасць аб’ектаў агульнай гістарычнай спадчыны. Тым не менш, дыялога наконт рэстаўрацыі, гістарычнай вартасці, абмена досведам паміж двума бакамі адбываецца зусім няшмат. Ці можна казаць пра пачатак нейкага дыялога ў бліжэйшай будучыні?
Ні Літва, ні Беларусь, ніводны народ не ў стане данесці ўвесь аб’ём сваёй спадчыны. Мы не можам спыніць працэс распада матэрыі, экалагічных зменаў. І я кажу без негатыўнай канатацыі – нешта знікае, нешта з’яўляецца. Зубры даўно б ужо вымерлі, каб не дапамога людзей: валынскіх князёў, польскіх каралёў. Існавала цэлая гаспадарка, якая падкармлівала іх зімой, паіла, сачыла. Тое самае тычыцца спадчыны. Напрыклад, вялізарная паэтычная спадчына полацкіх езуітаў – стагоддзі паэзіі на лацінскай пераважна і польскай мове. Каму належыць гэта спадчына? Літоўцы не ў стане па аб’ектыўным прычынам падняць, скажам, гісторыю кірылічнага друкавання. А хто павінен вучыць гісторыю іслама?
Паколькі ні адна дзяржава не ў стане выратаваць, зберагчы, інтэрпрэтаваць, актуалізваць і вяртаць усю спадчыну, гэта становіцца справай грамадскасці. У Беларусі сёння ёсць суполка мастакоў, якія рупяцца пра спадчыну Тадэўша Рэйтана. Задача дзяржавы – проста не замінаць.
Што тычыцца агульнай спадчыны, то грамадскасці трэба не дзяліць яе, а карыстацца разам. Я невыпадкова прывёў такія праблемныя прыклады з літоўска-беларускага памежжа. Не думаю, што літоўцы супраць таго, каб мы вучылі літоўскую мову, і наадварот. Раней у Літве была моцная школа беларусістыкі начале з Альмай Лапінскене, за савецкім часам існавала планавая сістэма заказа перакладаў. Так што ў нас ёсць каласальны даробак і шэраг добрых прыкладаў, як супольна карыстацца нашай агульнай спадчынай.
Таму мы вучым сваіх студэнтаў адчуванню еднасці і шырокіх дыапазонаў, гэтай дыхатаміі нашай паўнавартаснай культуры, якая ніколі не была і не мусць быць ізаляванай.
Дзякуй за размову.