Другая міжнародная навуковая канферэнцыя “Вялікае Княства Літоўскае: адзінства ў разнастайнасці”

29-30 мая ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбылася другая міжнародная навуковая канферэнцыя “Вялікае Княства Літоўскае: адзінства ў разнастайнасці”.

(першая была 3-4 лістапада 2022 г. “Вялікае княства Літоўска: сучасныя беларускія даследаванні” https://be.ehu.lt/wp-content/uploads/2022/10/kanf_vkl4.pdf

Ініцыятарамі правядзення канферэнцыі сталі Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў ЕГУ, Беларускі інстытут у Празе, супольнасць беларускіх гісторыкаў у Варшаве. 

Важным момантам стала тое, што гэта канферэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў розных гістарыяграфічных школ, якія займаюцца вывучэннем гісторыі ВКЛ – Беларусі, Літвы і Польшчы. На дадзены момант назіраецца шмат палітычных дыскусій датычна спадчыны ВКЛ, і на гэтым вострым і палітызаваным фоне канферэнцыя стала моцным крокам для арганізацыі абмеркавання гістарычных пытанняў ва ўзважаным і прафесійным модусе. 

Таксама назіраецца цікавы зрух па пошуку новай супольнай мовы камунікацыі наўзамен расійскай і важнасці вылучэння літоўскай і беларускай моваў як нарматыўных моваў навуковай дыскусіі. Дзвюма базавымі мовамі канферэнцыі сталі беларуская і літоўская, што, натуральна, патрабавала дадатковай перакладчыцкай працы, але ёсць спадзевы, што ў будучыні агульнае разуменне моваў будзе толькі пашырацца.

Праца канферэнцыі пачалася з разгляду пытанняў этнічнай і моўнай разнастайнасці, сучаснай інтэрпрэтацыі дачыненняў між Літвой і Руссю (Аляксандр Груша, Васіль Варонін), дзе найбольш відавочныя разыходжанні, але гэта вымагае якраз паглыблення і пашырэння дыскусіі на аснове аналізу корпуса крыніц. Таксама тут выступілі Артурас Дубоніс, Андрэй Рычкоў і Яўген Глінскі.

Наступныя два блокі аб’ядналі даследчыкаў, што займаюцца вывучэннем гарадской і мястэчкавай культуры, дзе адчувальны таксама зрух да шырокага выкарыстання колькасных дадзеных, што дазваляе выбудоўваць новыя гіпотэзы пра фактары ўрбанізацыі (Мікола Волкаў, Айвіс Рагаўскас, Ёнас Друнгілас, Анджэй Бучыла, Максім Макараў) ці сацыяльнай мабільнасці (Ніна Скеп’ян). 

Надалей рэй перахапіла кола даследчыкаў, якое сфармавалася вакол Літуаністычнай камісіі, арыентаванае найперш на вывучэнне парламентарызму, дачыненняў між цэнтральнай уладай і шляхецкім палітычным народам. Гэта кола даследчыкаў лучыць гісторыкаў з трох краін, якія размаўляюць адной і той жа мовай – соймікаў і свабодных выбараў (Анджэй Закшэўскі, Андрэй Радаман, Караль Лапатэцкі, Андрэй Мацук, Робертас Юргайціс, Рамуне Шмігельскітэ-Стукене).

Апошні блок канферэнцыі прадстаўляў вынікі супольнага даследчага праекта па вывучэнні уніяцкага ордэна базыяльнаў, дзе зноў жа заўважны зрух да апрацоўкі масіваў сацыяльна-дэмаграфічных дадзеных, што дазваляе нам таксама зірнуць па-іншаму на пытанні паходжання, распаўсюду і эвалюцыі базыяльянаў (Дарота Вярэда, Патрык Міхал Рычкоўскі, Дзяніс Лісейчыкаў, Іна Кажура, Ірэна Вадзяноўская).

Канферэнцыя прадэманстравала не толькі памкненне да дыялогу і дыскусій, але і пошукі метадалагічнага абнаўлення даследавання гісторыі ВКЛ. Ёсць спадзевы, што канферэнцыя будзе мець у будучыні рэгулярны фармат.

Назад