Пераклад быў пэўным выклікам распрацоўкі беларускай гендарнай лексыкі. Застаецца яшчэ шмат працы што датычыць займеньнікаў, гендарных формаў, слоўніка асобаў небінарнага гендару, зь якім вельмі складана працаваць ў беларускіх ўмовах і ў беларускай мове. Гэта ў ангельскай мове можна проста ўвесьці небінарны займеньнік “they” і ўсё спрацуе, а ў беларускай ды іншых кантынентальных эўрапейскіх мовах трэба шмат думаць, шукаць і рэфармаваць, калі не рэвалюцыянізаваць граматыку.
Шмат у якіх пытаньнях – асабліва на графічных дыяграмах – зін толькі крыху кранае паверхню, і не ўключае эмпірычныя вынікі найноўшых дасьледаваньняў. Але ж для людзей, якія ня ўпісваюцца ў цыс-гетэра парадыгму нават і такі кароткі, папулярны тэкст можа быць вялікім адкрыцьцём суцэльнага сусьвету альтэрнатыўных магчымасьцяў для самавызначэньня. Спадзяемся гэты зін стане добрай адпраўной кропкай для асабістых гендарных падарожжаў.
Для тых, хто не чытае на беларускай, вельмі раем прачытаць арыгінал на ангельскай ці адзін зь іншых перакладаў (француская/гішпанская/італійская), ці распачаць уласны пераклад на ўласную мову ў якасьці практыкаваньня.
Твіты Сэры ван Андэрс па-беларуску і па-ангельску.