Па шляху Скарыны. Ад Кракава да Прагi

Даследчыкі і выкладчыкі ЕГУ (Аляксандар Калбаска, Сяргей Харэўскі і Аляксей Ластоўскі) сёлета працягнулі сваю працу над даследваннем «Культурны шлях Францішка Скарыны». На трэці дзень удзельнікаў навуковага падарожжа сустрэў Аламоўц, з мноствам помнікаў архітэкутры і храмаў.

Тут да нашых выкладчыкаў далучыўся гісторык і знаўца сярэднявечнае культуры Павал Котаў, які жыве і працуе ў Чэхіі. У Аламоўцы ўвагу нашае каманды даследчыкаў прыцягнуў гатычны бернардынскі касцёл XV стагоддзя пры старажытным кляштары, а таксама архідыяцэзіяльны  музей пры ім. Пад гэты музей было складана інтэграваць розныя храналагічна і тыпалагічна аб’екты ў адзін комплекс, тут і раннегатычны біскупскі палац, і руіна замка Пшэмыславічаў, і клуатр цыстэрцыянскага кляштара, і некалькі капліц, і барочная карцінная галерэя.

Аламоўц быў важным пунктам на шляху з Прагі ці Вены да Кракава, напрыклад, згаданы крыху раней кракаўскі біскуп Эразм Цёлак ездзіў у Аламоўц, каб сустрэць там на шляху з Італіі Бону Сфорца, якая накіроўвалася на вяселле з Жыгімонтам Старым. Многія цікавыя паралелі можна адсачыць у новым Архідыяцэзійным музеі Аламоўца. Абодва гарады, Кракаў і Аламоўц, напрыканцы XV стагоддзя былі пад моцным уздзеяннем нямецкага рэнесансу, асабліва ў выніку актыўнасці Віта Ствоша. Вынікі крапатлівай працы музэйшчыкаў і дызайнераў ўражваюць, тут сапраўдная панарама багатага і насычанага жыцця Аламоўца ў розныя гістарычныя эпохі.

Калона Святой Троіцы ў Аламоўцы, пастаўленая ў 1720-х гадах, лічыцца самай вялікай барочнай скульптурай ў Цэнтральнай Еўропе. Калона мае багатую сімвалічную праграму, заснаваную на нябеснай іерархіі, наверсе – Святая Троіцы, ніжэй –кампазіцыя з Узнясеннем Маці Божае ды мноства святых, звязаных з яе жыццём, ці з рэгіёнам і самім горадам.

Далей, па шляху ад Кракава да Прагі экспэдыцыя наведала невялікі Бенедыктынскі батанічны сад каля раманскага сабору ў Трэбчы, сам унікальны сабор і старажытны габрэйскі квартал, унесеы ў Спіс сусветнае спадчыны ЮНЕСКА разам з велічным сабора. Далей, па дарозе удзельнікі нашае выправы вывучалі яшчэ адзін горад – Тэлч, шыкоўны цэнтральны пляц якога таксама занесены ў сусветны Спіс ЮНЕСКА.  Тут засталося багата дыхтоўных прыгожых дамоў  XVI стагоддзя, эпохі Францішка Скарыны.

Назад