Прэзідэнт ЕГУ сустрэўся з Паверанай у справах Амбасады Канады

10 лістапада Прэзідэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) акадэмік Анатоль Міхайлаў сустрэўся з Паверанай у справах Амбасады Канады ў Літве Бэт Рычардсан, каб абмеркаваць дасягненні ў дзейнасці ЕГУ у Вільні

Падчас сустрэчы акад. А. Міхайлаў прадставіў вынікі працы ўніверсітэта і звярнуў увагу на ролю гуманітарных ведаў і вольных мастацтваў (Liberal Arts – заўв. рэд.) як інструмента трансфармацыі посттаталітарнай рэальнасці ва Усходняй Еўропе.

Па словах акад. Міхайлава: «Пасля знікнення Савецкага Саюза прайшло 25 год, але мы яшчэ мусім прайсці доўгі шлях, каб Беларусь і краіны рэгіёна апынуліся на інтэлектуальнай мапе Еўропы. Такі абавязак акадэмічнай супольнасці ЕГУ перад нашымі донарамі і нашай Радзімай – Беларуссю».

Нядаўна распрацаваная мадэль Агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучальныя праграмы ЕГУ дазваляюць студэнтам з Беларусі атрымліваць якасную адукацыю, якая дае выпускнікам магчымасць усталёўваць сувязі і будаваць масты паміж Беларуссю і Захадам.

«Я радая магчымасці асабіста сустрэцца з Прэзідэнтам ЕГУ Анатолем Міхайлавым і даведацца пра вынікі, якіх Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт дасягнуў за дзесяцігоддзе сваёй працы ў Вільні. Я ўпэўненая, што ЕГУ будзе і далей мець важкую ролю ў рэгіёне», – адзначыла Б. Рычардсан.

Назад