25-26 верасня, 2024. Вільнюс
Аўтарытарная педагогіка з’яўляецца важным інструментам, які забяспечвае стабільнасць і ўзнаўленне аўтарытарных рэжымаў. Нядаўні гістарычны прыклад – савецкая сярэдняя школа, якая сістэмна адрознівалася аўтарытарнымі метадамі як у адміністраванні, так і ў навучанні. Пасля распаду СССР у еўрапейскіх постсавецкіх краінах пачаліся актыўныя працэсы па рэфармаванні савецкай мадэлі адукацыі на ўсіх узроўнях, уключаючы сярэднюю школу. Аднак у Беларусі лібералізацыя і дэмакратызацыя інстытутаў адукацыі спынілася пасля абрання Лукашэнкі першым прэзідэнтам РБ. З цягам ўмацавання яго аўтарытарнага праўлення, школа ў Беларусі ўсё больш набліжалася – вярталася – да савецкіх узораў. У той час як асобныя прыватныя школы маглі прапаноўваць і развіваць альтэрнатыўныя падыходы ў навучанні дзяцей, дзяржаўная сістэма школьнай адукацыі заставалася пераважна “савецкай”: гэта значыць абапіралася на савецкія інстытуцыйныя і педагагічныя традыцыі.
Наступствы адзначаных вышэй рэверсіўных тэндэнцый выразна праявіліся пасля правядзення ў Беларусі міжнароднага тэсціравання PISA у 2018 годзе. Даследаванне паказала, што беларускія школьнікі/школьніцы, у адрозьненне напрыклад ад украінскіх, прыкметна адстаюць па такіх пазіцыях, як: здольнасць да самастойнага мыслення, здольнасць да крытычнай дыстанцыі ў адносінах да атрыманай інфармацыі, гнуткасць і варыятыўнасць мыслення, здольнасць уяўлення. Дэфіцыт названых здольнасцей абумоўлены інстытуцыянальнымі і метадалагічнымі асаблівасцямі беларускай сістэмы школьнай адукацыі. Апошняя ў значнай ступені з’яўляецца спадкаемніцай савецкай сістэмы і ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму не магла развівацца ў ключы сучасных адукацыйных трэндаў.
Канферэнцыя прысвечана аналізу аўтарытарных патэрнаў у школьнай адукацыі і шляхам іх пераадолення.. Пад аўтарытарнымі патэрнамі маюцца на ўвазе спецыфічныя патэрны гвалту (прымусу, ціску, падпарадкавання і інш.), якія фармуюцца ва ўмовах панавання аўтарытарнай ідэалогіі і ўзнаўляюцца праз адпаведныя сацыяльныя інстытуты і практыкі. Слова “патэрны” мае на ўвазе ўстойлівыя формы, якія прымае аўтарытарны падыход у паводзінах і ўзаемадзеянні ўсіх актараў педагагічнага працэсу: вучняў, выкладчыкаў, адміністрацыі. Адныя з гэтых формаў адносна лёгка апазнавальныя, іншыя сталі настолькі распаўсюджанымі і «натуральнымі», што многія настаўнікі (а таксама бацькі школьнікаў) не бачаць у іх ніякай праблемы, не апазнаюць іх негатыўнага ўздзеяння.
Канферэнцыя накіравана на эксплікацыю і аналітычнае апісанне аўтарытарных патэрнаў, якія вызначаюць методыку навучання, характар камунікацыі і эмацыйны клімат у школе, а таксама перашкаджаюць паўнавартаснаму развіццю дзяцей, творчай самарэалізацыі педагогаў і фарміраванню ў школе культуры кааператыўнага ўзаемадзеяння. Правядзенне канферэнцыі стане падставай для распрацоўкі канкрэтных рэкамендацый па пераадоленні аўтарытарных патэрнаў у школьнай адукацыі ў Беларусі. У сувязі з гэтым было б важна разгледзець вызначаную праблематыку ў гістарычнай і параўнальнай перспектыве – у прыватнасці, абмеркаваць вопыт пераадолення аўтарытарных патэрнаў у школьнай адукацыі ў краінах былога “сацыялістычнага лагера” (Польшча, Германія/ГДР і інш.) і ў постсавецкіх краінах (Літва, Украіна і інш.).
На канферэнцыі прапануецца абмеркаваць наступныя пытанні:
- генезіс і ўмовы ўзнаўлення аўтарытарных патэрнаў у школьнай адукацыі;
- аўтарытарныя патэрны ў педагагічных устаноўках і метадах;
- аўтарытарныя патэрны ў камунікатыўных практыках (педагогі-вучні; педагогі-адміністрацыя; паміж вучнямі; паміж педагогамі);
- эмацыйныя рэжымы ў аўтарытарнай школе;
- дзяржава і школа: ідэалагічнае вымярэнне адукацыі;
- патрыярхальная ідэалогія, гендэр і нармалізацыя аўтарытарных патэрнаў у школе;
- yплыў аўтарытарных патэрнаў у школьнай сістэме (і да яе – сям’я, дзіцячы садок) на грамадства ў цэлым;
- каланіяльны/імперскі падтэкст аўтарытарнай ідэалогіі ў школе: досвед (пост)савецкіх краін;
- роля вучняў у пераадоленні (або процідзеянні фарміраванню) аўтарытарных патэрнаў;
- перашкоды для фарміравання агентнасці навучэнцаў у школе;
- (анты)аўтарытарнасць і аўтарытэт настаўніка (у чым заключаецца аўтарытэт? як фармуецца?);
- тэарэтычныя падмуркі антыаўтарытарнага навучання (у філасофіі, педагогіцы, сацыяльнай тэорыі, псіхалогіі);
- перадавыя антыаўтарытарныя методыкі ў школьнай адукацыі.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца школьныя педагогі і вучоныя ў розных галінах сацыягуманітарных ведаў (філасофіі, педагогікі, сацыялогіі, антрапалогіі, тэорыі камунікацыі, псіхалогіі, гендэрнай тэорыі, посткаланіяльных даследаванняў і інш.).
Фармат канферэнцыі: гібрыдны (фізічная прысутнасць + анлайн)
Рабочыя мовы: беларуская, украінская, англійская.
Прымаюцца заяўкі на індывідуальныя даклады і тэматычныя секцыі.
Секцыя павінна ўключаць мадэратара (заяўніка) і 3-5 дакладчыкаў. Мадэратар можа таксама выступіць з дакладам. Асабліва вітаюцца секцыі, якія аб’ядноўваюць удзельнікаў з розных краін.
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 15 ліпеня запоўніць форму заяўкі па спасылцы.
Аб рашэнні датычна прыёму заявак будзе паведамлена не пазней за 1 жніўня.
Аргкамітэт:
- Эгле Пранкунене (Літоўская асацыяцыя адукацыйных даследаванняў, Вільнюс)
- Таццяна Шчытцова (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Вільнюс)
- Тарас Ткачук (Вінніцкая акадэмія непрырыўнай адукацыі, Вінніца)
- Стэфан Вэбер (Каледж Еўропы, Бруге)