Прафесар Анатоль Арсеньевіч, якая роля Алеся Разанава ў асвеце сучаснага грамадства?
Паняцце «асвета», акрамя таго, што яно пазначае і пэўную эпоху ў развіцці еўрапейскай цывілізацыі, падвергнулася на працягу часу пэўнаму скажэнню свайго першапачатковага сэнсу. Пры гэтым, у прыватнасці, занадта часта чакаецца, што і стваральнікі твораў мастацтва, у тым ліку і паэты, павінны падпарадкаваць сваю творчасць утылітарным, хай нават і надзвычай важным па сваім характары, праблемам выхавання і асветы. Ствараецца ўражанне, што ў гэтым выпадку твор паэтычнай творчасці шукае апраўдання свайго існавання ў знешніх фактарах. Пры гэтым занадта часта забываюць пра тое, што на ніве, названай «асветаю» або «адукацыяй», квітнеюць многія з тых, хто не ў стане сваёй творчасцю і сваім уласным жыццём прадэманстраваць прыклад таго, без чаго немагчыма само існаванне культуры, а ідэя асветы як адукацыі (Bildung) губляе свой сэнс. У сувязі з гэтым, абвешчаны Эдгарам По у сярэдзіне XIX стагоддзя прынцып «карэннага і непераадольнага адрознення паміж перакананнем пасродкам ісціны і з дапамогай паэзіі» паступова становіцца спосабам абазначэння і свайго роду меркай сапраўднасці твора мастацтва. Твор мастацтва валодае каштоўнасцю ў сілу факту свайго ўласнага існавання. У гэтым сэнсе паэзія Разанава, якая з’яўлялася для яго справай яго жыцця, дэманструе сабой істотна больш, чым разнастайныя дыдактычныя сентэнцыі. Сапраўдная асвета мае патрэбу ў канкрэтных прыкладах, якія імкнуцца да дасканаласці і з якімі мы і сутыкаемся на прыкладзе паэзіі Алеся Разанава. Менавіта ў гэтым я і бачу яго значэнне для нашага грамадства.
А якую ролю Алесь Разанаў сыграў у жыцці і развіцці ўніверсітэта?
На творчасць Алеся Разанава маю ўвагу звярнуў Валерый Ліпневіч – перакладчык яго вершаў на рускую мову, якому мне ўдалося ў свой час садзейнічаць пры абароне дыпломнай працы на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта на тэму «Філасофскія матывы ў творчасці Р. М. Рыльке». Добра памятаю, з якімі намаганнямі была спалучаная гэтая падтрымка, калі большая частка дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі з цяжкасцю ўсвядомлівалі змест і маштаб творчасці гэтага вялікага нямецкамоўнага паэта. У пачатку 80-х гадоў мы з Валерам прадставілі тады яшчэ досыць мала вядомую паэзію Разанава ў Маскве на старонках часопіса «Літаратурная вучоба», што аказалася для яго сур’ёзнай дапамогай пасля яго выключэння з універсітэта і падмочанай рэпутацыі «дысыдэнта». Хацелася б адзначыць, што ў той час былі і некаторыя іншыя, якія адчувалі патрэбу ў падобнай дапамозе. Так, напрыклад, цяпер ужо нябожчык Сяргей Панькоўскі быў відавочна не да двара з сваёй тэмай дысертацыі – «Праблема абсурду ў Альбера Камю», а абарона дыпломнай працы па філасофіі Ігара Бабкова, прысвечанай М. Хайдэгеру, без выкарыстання спасылак на «класікаў марксізму», ледзь не скончылася яго выключэннем з універсітэта. Іншы выпускнік філасофскага факультэта Валерый Залатар так і не здолеў пазбегнуць гэтага лёсу, і прыйшлося ўключаць разнастайныя механізмы для яго аднаўлення.
Таму, калі адказваць на пытанне пра тое, якую ролю адыграў Алесь Разанаў у жыцці і развіцці ўніверсітэта, то варта адзначыць, што ў аснове самой ідэі ЕГУ ляжала досыць утапічная, як гэта становіцца зразумелым зараз, ідэя стварэння свайго роду інтэлектуальнай нішы, у якой магла б паступова фармавацца прынцыпова іншая духоўная атмасфера. Задача практычна непасільная для такога «камернага» універсітэта, якім задумваўся ЕГУ і якая зусім не губляе сваёй актуальнасці і ў нашы дні.
Сяргей Васільевіч, якую ролю Алесь Разанаў сыграў у беларускай мастацкай культуры?
Маштаб Алеся Разанава мы яшчэ доўга будзем асэнсоўваць. Але ўжо сёння відавочна, што гэта быў адзін з найвялікшых паэтаў у нашай гісторыі, поруч з Янкам Купалам. Яго творчасць мела не адно вызначэнне, бо ён быў і паэтам, і выдатным перакладчыкам, і перш за ўсё, ён быў стваральнікам цалкам новай паэтыкі ў нашай культуры, новых жанраў. І несумненна, яго творчасць была вартая Нобелеўскай прэміі. З першых сваіх крокаў у літаратуры, калі Алесь Разанаў быў яшчэ школьнікам, ён здзівіў усіх, заявіўшы пра сябе як пра ўнікальнага, непадобнага да іншых творцаў. Нагадаю, што ён вольна валодаў і літоўскай мовай, шмат перакладаў з літоўскай літаратуры. А па-нямецку нават напісаў цэлую кніжку вершаў «Wortdichte»!
Якія сюжэты ён любіў больш за ўсё?
Сюжэты ён браў вечныя. Алесь Разанаў казаў, што перш чым пісаць верш, трэба стаць нямым, і ў немаце нешта забыць нанова. Нягледзячы на несупынныя эксперыменты. Так, ягоная кніга «Шлях – 360» павярнула беларускае пісьменства да свабоднага верша, надала легітымнасць паэтычным эксперыментам з формай і зместам. Ён вынайшаў уласныя паэтычныя жанры – пункціры, квантэмы, вэрсеты, зномы, вершасказы!
Яго сюжэты тым часам апелявалі да архітыповых з’яў жыцця – час, быццё і небыццё, зямля, жніво… Як ён сам казаў: «Вершы не выдумляюцца, іх выдумаць нельга. Вершы здабываюцца».
Сяргей Васільевіч, а які Ваш самы яркі ўспамін пра Алеся Разанава?
У мяне іх шмат. Ён быў блізкім сябрам маёй сям’і, мастака Віктара Маркаўца. Таму мы часам бачыліся ў прыватным коле. І кожны раз гэта было незабыўна. Ён быў вельмі глыбокі чалавек, непублічны, але разам з тым лёгкі ў сяброўскіх стасунках, іранічны, жартаўлівы. Ён вельмі ўважліва слухаў людзей. Але часам здавалася, не змест казанага, а толькі гукі. Раптам перарваўшы каго на паўслове пачынаў гуляцца са словамі суразмоўцы, перастаўляючы іх, складаючы ў нейкія магічныя фігуры.
Але найбольш яркі мой успамін – прэм’ера спектакля «Клеменс» Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа, што была паказаная на сцэне сталічнага Дому афіцэраў. Гэта было паводле п’есы літоўскага пісьменніка Казіса Саі ў перакладзе Алеся Разанава. Хоць гэта быў нават не пераклад, а перастварэнне. Са сцэны, у самы застойны савецкі час, гучаў спеў «І гэты час, і гэты лад не назаўсёды…»! І маё сэрца, як і маіх сяброў тады запаліліся зіхоткім агнём! Калі гэтую п’есу, фактычна, не перакладзеную, а зноўку створаную Алесем Разанавым у пастаноўцы рэжысёра Валера Маслюка, убачылі літоўцы, то яны не маглі паверыць, што такое магчыма.
Не паддамся болей скрусе,
што рабіць мне навучуся.
Навучуся як мне жыць!
Сёння метафара быка, які залез на трон і забяспечвае ўсім дабрабыт узамен за маўчанне, выглядае яшчэ больш канкрэтна. А тады гэта была, праўда, рэвалюцыйная рэч! Мяне тады як маланкаю працяла! То бок менавіта вершы Разанава гучалі са сцэны!
Што б Вы параілі прачытаць нашым студэнтам з творчасці Алеся Разанава?
Вось, акурат «Клеменса» Казіса Саі ў перакладзе Алеся Разанава, 2013 году выдання – вельмі актуальная рэч! А таксама класічныя зборнікі «Каардынаты быцця», «Шлях — 360», «Вастрыё стралы» і навейшыя: «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры», «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» і, бадай «І вынайшаў я крылы — вось яны».
Супольнасць ЕГУ смуткуе аб незаменнай страце для ўніверсітэта і беларускай культуры і выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім.