Серыя літаратурных майстар-класаў Ксеніі Шталенковай прайшла ў Мінску

4-5 красавіка ў Мінску дактарантка і выкладчыца Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Ксенія Шталенкова правяла некалькі творчых сустрэч па літаратурным майстэрстве. Сустрэчы здзейсненыя пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі», грамадскай аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

4 красавіка Ксенія Шталенкова сустрэлася з вучнямі восьмых класаў у Дзіцячай бібліятэцы №2 імя Кузьмы Чорнага. Цэнтральнай тэмай сустрэчы сталася кніга Ксеніі Шталенковай «Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах», выдадзеная ў 2017 годзе ў межах праекта «Школа маладога пісьменніка: Другі год». Кніга выйшла ў серыі «Кнігарня пісьменніка», заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў у 2009 годзе, і ўвайшла летась у лонг-ліст прэміі Гедройца. Разам з наведнікамі сустрэчы аўтарка абмеркавала не толькі асаблівасці дэтэктыўнага жанру і чаму Менск XIX стагоддзя з’яўляецца выдатным месцам для разгортвання загадкавых гісторый, але таксама і сучасныя трэнды ў візуалізацыі мастацкіх тэкстаў. Акрамя таго падчас дыскусіі былі ўзняты пытанні аб стварэнні камфортнай прасторы для выказвання сярод маладых аўтараў, матывацыі дапісваць вялікія тэксты да канца і магчымасці быць пачутым праз літаратурную творчасць. Сустрэча прайшла пры падтрымца грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі» і грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

У другі дзень фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», 5 красавіка, Ксенія Шталенкова правяла літаратурны майстар-клас «Дэтэктыўнае літаратурнае агенцтва Underwood». У майстар-класе таксама прынялі ўдзел студэнты падрыхтоўчага аддзялення ЕГУ, якое стала працуе ў Мінску ў адукацыйным цэнтры «Прапілеі». Падчас майстар-класа ўдзельнікі вызначыліся, чым ёсць ідэальны дэтэктыў, якім мусіць быць абаяльны злачынца, акрамя таго і чым падобная творчасць Рэнэ Магрыта і Хорхе Луіса Борхеса, а таксама чаму іх інструментарый можа быць карысным у кантэксце філасофіі дэтэктыва. Выконваючы серыю адмысловых практыкаванняў, распрацаваных Ксеніяй Шталенковай, удзельнікі майстар-класа стварылі ўласныя кароткія апавядані ў дэтэктыўным жанры.

Сёлета Ксенія Шталенкова ўвайшла ў журы беларускага рэспубліканскага літаратурнага конкурса БрамаМар-2019 у катэгорыі студэнцкай прозы і правядзе Майстэрню крэатыўнага пісьма ў межах Летняй школы ЕГУ сумесна з беларускім пісьменнікам і дацэнтам Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ Віктарам Марціновічам. Дэдлайн на падачу заявак — 10 траўня.

Назад

Галерэя