У скаладзе экспэдыцыі сёлета, як і летась – сябры Беларускага камітэту ІСОМ: гісторык, музэязнаўца Аляксандар Калбаска, сацыёлаг Аляксей Ластоўскі ды мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. У Празе будзе ўшанаванае месца, на якім знаходзілася друкарня Францішка Скарыны, дзе сёлета ўсталяваны памятны знак, Каралеўскія сады і паркі Прагі, ды іншыя месцы, звязаныя з вядомым асветнікам і гуманістам.
Натурныя даследванні гістарычных ланшафтаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў і артэфактаў стануць падставаю да далейшай распрацоўкі праекта. У задачы даследчыкаў уваходзіць таксама наведванне музэяў, бібліятэкаў, унівэрсітэтаў, сустрэчы з вядомымі і аўтарытэтнымі знаўцамі спадчыны Скарыны і ягонае эпохі. У сваю чаргу, калегі з Польшчы і Чэхіі дазнаюцца пра даследчыя навуковыя праекты Еўрапейскага гуманітарнага унівэрсітэта. Падчас падарожжа, і пасля ягонага завяршэння, нашыя выкладчыкі і калегі будуць знаёміць нас са сваімі адкрыццямі і ўражаннямі на Скарынавым шляху.
Вынікі трох гадоў працы над праектам «Культурны шлях Францішка Скарыны» будуць прэзентаваныя на скарыназнаўчай навуковай канфэрэнцыі ў ЕГУ ў кастрычніку.