Ксенія Шталенкова прачытала даклад на міжнароднай канферэнцыі ў Нацыянальным банку Беларусі

Студэнтка дактарантуры і выкладчыца Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Ксенія Шталенкова выступіла з дакладам на пленарным паседжанні IX Міжнароднай нумізматычнай канферэнцыі ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь (НБРБ) 14 кастрычніка у Мінску.

14-16 кастрычніка ў Мінску адбываецца IX Міжнародная нумізматычная канферэнцыя, арганізаваная НБРБ і прысвечаная 25-годдзю беларускага рубля, які быў афіцыйна абвешчаны беларускай нацыянальнай валютай у 1994 годзе. Пленарнае паседжанне канферэнцыі было распачата дакладам Ксеніі Шталенковай «Трансфармацыі вобразу беларускіх рублёў: Задачы візуальнага дызайну нацыянальных грошай», у рамках якога таксама была прадстаўлена навуковая манаграфія «Грошы і ідэалогія: [R]эвалюцыя беларускасці цягам 100 гадоў», апублікаваная ў ЕГУ у 2018 годзе (на рускай мове з рэзюмэ на англійскай). Ксенія Шталенкова прэзентавала асобнік манаграфіі ў бібліятэчны фонд Музея грошай НБРБ.

Міжнародная нумізматычная канферэнцыя НБРБ праводзіцца ў Мінску з 2003 года і з’яўляецца адной з найбуйнейшых падзей па даследаваннях грошай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У гэтым годзе ў канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі 7 краін – Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны і Беларусі, сярод якіх каля 60 прадстаўнікоў буйных музеяў, цэнтральных банкаў, вядучыя навукоўцы-нумізматы, даследчыкі гісторыі абарачэння грошай, банкаўскай справы і сучаснай манетнай чаканкі.

Назад

Галерэя