У гэты дзень у 1918 годзе была прынята Трэцяя Устаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Каб разам успомніць падзеі тых гадоў, СП ЕГУ збярэцца а 12:30 гадзіне на віленскіх могілках Росы і ўрачыста ўшануе памяць выбітных дзеячоў БНР, дзякуючы якім і з’явіўся Дзень волі. Пасля гэтага а 13 гадзіне распачнецца актыўная частка праграмы – тэматычная гульня-арыентаванне па Старым горадзе Вільні. Падчас гульні каманды змогуць у займальнай форме даследаваць горад, наведаць значныя беларускія мясціны Вільні і, вядома, атрымаць безліч станоўчых эмоцый і каштоўныя прызы. Зарэгістраваць каманду можна па спасылцы.
А 15:30 адбудзецца адкрытая лекцыя Андрэя Чарнякевіча – вядомага даследчыка нацыянальнай спадчыны ў Беларусі. У той жа час усе зацікаўленыя атрымаюць магчымасць завітаць у Бібліятэку імя Ўрублеўскіх і наведаць Выставу БНР, падрыхтаваную спецыяльна да гэтага памятнага дня. Святочная праграма завершыцца а 19:00 канцэртам маладога і таленавітага гурта NAVI. Беларускія музыкі выканаюць свае самыя новыя сінглы, а таксама тыя песні, якія ўжо паспелі стаць улюбёнымі мелодыямі беларусаў. Канцэрт будзе праходзіць у маляўнічым раёне Ужупіс, у бары “Užupio kavinė”.
Арганізатары: Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта; Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance»; Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава; Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Партнёры: Культурная пляцоўка «Арт Сядзіба»; агенцтва «Vilnius Relax»; Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу.
Усе арганізатары і партнёры шчыра запрашаюць да ўдзелу ў святкаваннях Дня волі 25 сакавіка ўсіх ахвотных!
Падрабязнасці ў суполках у сацыяльных сетках:
Вконтакте: vk.com/freedom_day_2016
Facebook: facebook.com/events/202387846791264/