Праграма стыпендыяльнай падтрымкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (EHU SSA)

Праграма стыпендыяльнай падтрымкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (EHU SSA) ажыццяўляецца пры падтрымцы American Councils for International Education і прапануе ўнікальную магчымасць для беларускіх студэнтаў i студэнтак, якія навучаюцца на ўсіх вочных праграмах бакалаўрыяту і магістратуры ЕГУ.

Мэта праграмы

Праграма мае на мэце зрабіць ўніверсітэцкую і пазанавучальную адукацыю больш дасяжнымі для разнастайных колаў беларускай моладзі, а таксама падтрымаць акадэмічныя свабоды, развіццё грамадзянскай пісьменнасці і ўмацаваць лідэрскі патэнцыял студэнтаў_к.

Умовы ўдзелу

Стыпендыі могуць атрымаць беларускія студэнты_кi любой вочнай бакалаўрскай або магістарскай праграмы ЕГУ, у тым ліку бакалаўрскiх праграм “Бізнэс-эканоміка” (BISEB) і “Інфарматыка” (Школа лічбавых кампетэнцый, SDC).

Стыпендыі будуць прысуджацца беларускім студэнтам_кам, якія дэманструюць добрыя акадэмічныя дасягненні, лідарскі патэнцыял і цвёрды намер да падтрымкі дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Добрае валоданне англійскай мовай не з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў праграме.

Удзельнікі_цы праграмы атрымаюць поўную (100%) або частковую (50%) аплату кошту навучання ад моманту вылучэння стыпендыі да заканчэння навучання пры ўмове, што яны па-ранейшаму будуць адпавядаць патрабаванням праграмы, а таксама пры пацверджанні добрай акадэмічнай паспяховасці (сярэдні акадэмiчны бал не ніжэй за 7.0) пасля кожнага семестра навучання.

Акрамя вылучэння стыпендыі ў межах праграмы прадугледжаны мерапрыемствы па развіцці лідарскіх навыкаў, навыкаў для працы i канкурэнцыi, грамадзянскай i медыйнай пiсьменнасцi, уключаючы кансультацыi, практычныя заняткі, праекты і семінары (12 заняткаў на год), а таксама курс ангельскай мовы для прафесiйнага ўжытку i Mental Wellbeing заняткi з псiхолагам. У дадатак праграма прапануе магчымасці для праходжання стажыровак і валанцёрскай дзейнасці (12 гадзін на семестр), што дазволіць студэнтам_кам скарыстацца ўсiмi атрыманымi ведамi на практыцы.

Крытэрыі адбору

Для ўдзелу ў праграме і атрымання стыпендыі кандыдаты_кі павінны:

  • Мець грамадзянства Беларусі;
  • Навучацца на вочнай бакалаўрскай або магістарскай праграме ЕГУ (у тым ліку на бакалаўрскіх праграмах “Бізнэс-эканоміка” (BISEB) і “Інфарматыка” (Школа лічбавых кампетэнцый);
  • Мець добрыя акадэмічныя дасягненні (агульная акадэмічная адзнака 7.0 і вышэй);
  • Мець дастатковыя навыкі для паспяховага атрымання ў ЕГУ ступені бакалаўра не больш як за чатыры гады або ступені магістра не больш як за два гады;
  • Мець матывацыю, лідарскі патэнцыял, досвед клопату пра патрэбы іншых людзей або мясцовай супольнасці, актыўны удзел у студэнцкім кіраванні ці падобнае;
  • Мець цвёрды намер зрабіць унёсак у станаўленне дэмакратыі і ўзмацненне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Працэс падачы заяўкі і адбору

Заяўкі ад студэнтаў_ак прымаюцца да 4 лютага, 23.59 (EET, віленскі час).

Для падачы заяўкі неабходна запоўніць форму па спасылцы: https://ais.americancouncils.org/ehussa

Перад пачаткам запаўнення формы студэнту_цы неабходна падрыхтаваць наступныя дакументы, якія трэба будзе загрузіць у працэсе запаўнення заяўкі:

  • Скан старонак пашпарта з фота (ст. 32-33 пашпарта старога ўзору альбо ст. 0 біяметрычнага пашпарта).
  • Калi вы першакурснiк, копiя атэстата аб сярэдняй адукацыi, альбо дыплом аб заканчэннi каледжа, ССВ, іншай ВНУ, а ТАКСАМА скрыншот адзнак па ўсіх дысцыплінах за першы семестр у ЕГУ. Калi вы не першакурснiк, то запісы адзнак за папярэдні семестр у ЕГУ (вясна 2024) з указаннем сярэдняга акадэмічнага бала.
  • Дакументы, якія даказваюць палітычны пераслед і рэпрэсіі (неабавязкова, толькі калі такія ёсць). 

Пасля ацэнкі заявак ацэначным камітэтам прыдатныя кандыдаты_кi будуць запрошаныя на асабістыя сумоўі (афлайн, на беларускай/рускай мовах). Дакладная дата, час, месца і іншыя падрабязнасці будуць паведамленыя паўфіналістам_кам па электроннай пошце.

Папярэднія даты сумоўяў запланаваныя на 17-26 лютага 2025 года.

Кандыдаты_кi, якія паспяхова пройдуць адбор, атрымаюць паведамленне пра прыняцце іх у праграму. Лісты аб залічэнні і ўся неабходная інфармацыя пра стыпендыю будуць адпраўленыя да 1 сакавіка 2025 года.

Пачатак праграмы запланаваны на 20 сакавіка 2025 года.

Увага: Студэнты ЕГУ адначасова могуць атрымліваць толькі адзін тып фінансавай падтрымкі ад універсітэта. Звярніце ўвагу, што калі вы будзеце адабраны для ўдзелу ў праграме EHU SSA, вы будзеце павінны на працягу 2 дзён паведаміць арганізатарам аб (не)згодзе ўдзельнічаць у праграме і атрымліваць стыпендыю. Выключэнне: студэнты, якія атрымліваюць фінансавую падтрымку, могуць прэтэндаваць і на сацыяльную стыпендыю.

Спытаць і ўдакладніць можна па адрасе ssa@americancouncils.org.

Назад