«Театральнае мастацтва і акторская гульня» — новая бакалаўрская праграма ЕГУ

Фота: Kilimas Arts

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт паведамляе аб паспяховай рэгістрацыі новай бакалаўрскай праграмы «Тэатральнае мастацтва і акторская гульня». Вучэбная праграма стала вынікам пладавітай супрацы паміж універсітэтам і Рускім драматычным тэатрам Літвы (РДТЛ). Мэта праграмы — падрыхтоўка тэатральных актораў шырокага прафілю, якія ўсведамляюць розныя этапы і функцыі мастацкага працэсу, а таксама здольныя выкарыстоўваць атрыманыя веды і ў іншых асяродках сцэнічнай дзейнасці.

У справаздачы незалежнай групы экспертаў Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Літвы пазначаныя наступныя моцныя бакі праграмы:

  • Яскравы калектыў выкладчыкаў, якія непасрэдна займаюцца творчай дзейнасцю
  • Разнастайнасць метадаў выкладання і сістэматычны характар вучэбнай дзейнасці
  • Міжнароднае адукацыйнае наваколле і сучасная інфраструктура, якія прыстасаваны для навучальнага працэсу
  • Шырокі спектар сацыяльных партнёраў і ўсеагульны падыход да забеспячэння ўнутранай ацэнкі якасці адукацыі

Сумесная група выкладчыкаў ЕГУ і актораў РДТЛ займалася распрацоўкай праграмы на працягу двух гадоў. Па словах дырэктара тэатра Вольгі Палевіковай: «Наогул Літва і Вільня ў прыватнасці, гэта вельмі спрыяльная прастора для вывучэння тэатральнага мастацтва. Тэатральная традыцыя ў Літве вельмі багатая і разнастайная. Паспяховы артыст — гэта не толькі той, хто можа ад пачатку і да канца адыграць п’есу. Сёння ў артыста ўзнікае патрэба за межамі сваёй прафесіі валодаць больш шырокімі навыкамі і ведамі аб усім творчым працэсе. Гэта і адрознівае нашу праграму».

«У цэнтры нашай увагі знаходзіцца комплексная падрыхтоўка будучых актораў, у тым ліку развіццё акторскай эмацыйнасці, рухавасці, вакала, маўлення, разумення таго, як актор дзейнічае на сцэне ў канкрэтных абставінах. Нам бы хацелася, каб студэнты мелі максімальна шырокае ўяўленне аб асаблівасцях і іншых прафесій у сучасным тэатры, які рэагуе на патрэбы сённяшняга часу, як тэматычна, так і інструментальна», — дадаў Аляксандр Марчанка, беларускі рэжысёр, дацэнт Дэпартаменту гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.

Навучанне на праграме будзе доўжыцца 4 гады і ажыццяўляцца толькі ў сталай (вочнай) форме. Выпускнікі змогуць рэалізавацца ў якасці актораў тэатра і кіно, а таксама аўтараў тэатральных праектаў і перформансаў. Ступень бакалаўра мастацтваў дазволіць працягнуць навучанне ў адмысловых магістратурах па такіх накірунках як драматургія, рэжысура, крытыка, як у Еўропе, так і Паўночнай Амерыцы.

Каб паступіць на бакалаўрскую праграму «Тэатральнае мастацтва і акторская гульня» абітурыентам неабходна прадставіць атэстат альбо дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з сярэднім балам не ніжэй за 7.0, здаць іспыт па мастацкім выкананні, а таксама прайсці матывацыйнае сумоўе. У 2021 годзе абітурыентам прапаноўваюцца 100% і 50% гранты для пакрыцця кошту навучання на падставе партфоліа.

Больш падрабязная інфармацыя аб правілах паступлення ў 2021 годзе знаходзіцца на адмысловай старонцы.

Назад