Нумар будзе прысвечаны даследаванням філасофскіх, сацыяльных і культурных праблем гуку, слухання і музыкі. Асаблівую ўвагу мы надаем «гукавым ландшафтам» Усходняй Еўропы і былога СССР.
Важна! Тэрмін прыёму артыкулаў і рэцэнзій – да 1 траўня 2017 г.
Інструкцыі для аўтараў можна знайсці на сайце часопіса: http://topos.ehu.lt/journal/info-for-authors/
Матэрыялы неабходна дасылаць на адрас: journal.topos@ehu.lt
Назва нумара, P.S. Soundscapes, мае для нас дзве важныя інтэрпрэтацыі.
Па-першае, гук у эпоху «візуальнага павароту» часта заставаўся «бедным сваяком» візуальных і культурных даследаванняў. Аднак з сярэдзіны ХХ стагоддзя ён становіцца ключавым элементам уздыму і трансфармацый папулярнай культуры, эксперыментаў на межах мастацтва, мыслення, музыкі і дачыненняў паміж людзьмі і асяроддзем.
Знакамітая «нямая» фартэпіянная п’еса Джона Кейджа «4:33» – правакацыя, якая змушае задумацца аб тым, як пачутае злучае індывідаў з наваколлем, а таксама аб пранікальнай мяжы паміж музыкай, слуханнем і асяроддзем, у якім узнікаюць гукі.
Адпаведна, першае значэнне «P.S.» у назве запланаванага нумара мусіць зацвердзіць важнасць рэфлексіі з нагоды гуку як пастскрыптума да “прымату” бачання. Мы чакаем артыкулы, якія паказваюць, якім чынам даследаванне феноменаў гуку і слухання ўзбагачае і трансфармуе наша разуменне самых розных аспектаў індывідуальнага і калектыўнага жыцця.
Другая інтэрпрэтацыя «P.S.» адносіцца да ідэі распрацаванай намі ў публікацыі, прысвечанай гарадскім даследаванням, P.S. Landscapes: Оптыка гарадскіх даследаванняў (Вільнюс: Выдавецтва ЕГУ 2008). Тады тэрмін «P.S.» адсылаў да «постсацыялістычнага» рэгіёна, адначасова дапускаючы, што тэрмін мае сур’ёзныя хібы і абмежаванні.
Іншымі словамі, другі сэнс «P.S. Soundscapes» азначае, што мы заклікаем даследаваць узнікненне і трансфармацыі мыслення пра гук у постсацыялістычных краінах Усходняй Еўропы і былога СССР.
Гэтая задача мае два аспекты. Па-першае, мы плануем прэзентаваць праблемы, датычныя гуку, над якімі працуюць даследчыкі з гэтага рэгіёна. Па-другое, прадставіць агляд канкрэтных пытанняў або характарыстык саўндскейпаў, што ўзнікаюць у сувязі з гэтым рэгіёнам, гарадамі, вёскамі, ландшафтамі, архітэктурай, музычнымі індустрыямі, медыяландшафтамі, тэхналагічнымі і перфарматыўнымі парадыгмамі, супольнасцямі і сцэнамі, якія тут існуюць.
Задачы нумара
- Зацвердзіць месца гуку як важнага вузла ў сучасных гуманітарных даследаваннях, а таксама прэзентаваць ключавыя праблемы, што ўзнікаюць у гэтай сувязі.
- Даследаваць праблемы гуку, што ўзнікаюць у постсацыялістычным рэгіёне.
Плануюцца публікацыі ў наступных абласцях:
- sound studies (гукавыя даследаванні);
- сацыялогія музыкі;
- гук/слуханне і філасофія;
- гук і бачанне;
- гук і медыядаследаванні;
- стасункі паміж гукам, слуханнем і музыкай;
- гук і прастора (музыка і ідэнтычнасць месца; лакальныя ці рэгіянальныя саўндскейпы:
- музыка і супольнасці; фестывалі);
- event studies (даследаванні падзей);
- лакалізаваныя музычныя індустрыі (музыка і праца);
- гук і тэхналогіі;
- гук і псіхалогія/кагнітыўная навука;
- гукавы дызайн і архітэктура (атмасферы);
- даследаванні папулярнай музыкі;
- этнамузыкалогія і посткаланіялізм.
Рэдактары нумара: дацэнт Дэпартамента медыя Бэнджамін Коўп (benjamin.cope@ehu.lt) і лектар Павел Няхаеў (pavel.niakhayeu@ehu.lt).