Святлана Ціханоўская — першакурснікам ЕГУ: «Вы заўжды будзеце запатрабаваныя ў новай Беларусі»

Фота: Kilimas Arts

14 кастрычніка ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) адбылася ўрачыстая Цырымонія адкрыцця 2020/21 навучальнага года. У Цырымоніі прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі ЕГУ, ганаровыя госці, Амбасадары дзесяці краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а таксама партнёры ўніверсітэта.

Падчас адкрыцця Цырымоніі з вітальным зваротам да першакурснікаў звярнуўся Рэктар праф. Сяргей Ігнатаў: «Самым галоўным ва ўніверсітэцкім жыцці, апроч вучобы, з’яўляецца грамадскае жыццё. Дзякуючы грамадскаму жыццю ва ўніверсітэце, у нас усіх змяняецца карціна света. Грамадскае жыццё студэнтаў фармуе лідэраў сацыяльных зменаў у Беларусі. Мы ганарліва можам сказаць, што наш універсітэт фармуе новую эліту Беларусі». Рэктар выказаў падзяку асноўным донарам Універсітэта: Еўрапейскаму саюзу, Швецыі і Літве.

Ад імя Міністэрства замежных спраў Літвы першакурснікаў і выкладчыкаў ЕГУ павіншаваў віцэ-міністр Далюс Чакуоліс. У сваім выступе Віцэ-міністр звярнуў увагу на затрыманні студэнтаў ЕГУ падчас мірных акцый пратэстаў у Беларусі: «Пакуль мы святкуем адкрыццё навучальнага года, некалькі студэнтаў ЕГУ, у тым ліку, Марфа Рабкова, усё яшчэ працягваюць знаходзіцца пад арыштам з-за адстойвання ўласных грамадзянскіх правоў і абароны годнасці Беларусі».

Ганаровай госццю Цырымоніі стала Святлана Ціханоўская, была кандыдат на выбарах Прэзідэнта Беларусі 2020 года. Святлана Ціханоўская пазычыла студэнтам поспехаў у вучобе і падкрэсліла: «Вашыя веды, крытычнае мысленне, свабода мыслення заўжды спатрэбяцца ў нашай краіне. Абірайце той шлях, які вам самім захочацца прайсці. І памятайце: якой бы сферы вы сябе ні прысвяцілі, вы заўжды будзеце запатрабаваныя ў новай Беларусі».

«Адукацыя — гэта не проста вывучэнне тэкстаў ці месца, дзе вы атрымліваеце гатовыя веды. Веды мусяць быць выпрацаванымі згодна ў той рэчаіснасцю і з тымі выклікамі, з якімі мы сутыкаемся, і ў дачыненні да якіх, нам патрэбна заўжды знаходзіць уласнае рашэнне. Наш універсітэт — гэта ўніверсітэт узаемадзеяння і супрацы памід студэнтамі і выкладчыкамі», — адзначыў Прэзідэнт акад. Анатоль Міхайлаў, падчас завяршэння Цырымоніі.

У 2020 годзе першакурснікамі бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграм ЕГУ сталі 180 асобаў, абсалютная большасць з іх — грамадзяне і сталыя рэзідэнты Беларусі.

Назад

Галерэя