«Усё гэта – падарожжа»: выстава да 20-годдзя праграмы «Культурная спадчына і турызм»

8 красавіка на другім паверсе навучальнага корпуса Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы, прысвечанай 20-годдзю бакалаўрскай праграмы «Культурная спадчына і турызм».

Праграма была створана ў 1995 г. на факультэце мастацтваў ЕГУ ў Мінску ў межах сумеснага франка-беларускага праекта «Турызм і спадчына». У мінскі перыяд гісторыі праграмы, з 1995 па 2004 год, студэнты навучаліся па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова помнікаў гісторыі і культуры» са спецыялізацыяй «Культурная спадчына і міжнародны турызм». У 2000 г. адбыўся першы выпуск спецыялістаў, якія атрымалі кваліфікацыю «Мастацтвазнаўца, менеджэр па турызме». З 2005 г. бакалаўрская праграма «Культурная спадчына і турызм» працягнула сваю дзейнасць у Вільні, дзе неўзабаве была таксама адкрыта магістарская праграма па культурнай спадчыне.

За гэтыя гады выпускнікамі праграмы сталі сотні маладых людзей, якія паспяхова рэалізуюць сябе ў прафесійных сферах, звязаных з аховай і інтэрпрэтацыяй культурнай спадчыны, музейнай справай, мастацтвам, турыстычным бізнэсам, навукай і адукацыяй.

Міжнародная каманда выкладчыкаў складаецца з дасведчаных прафесіяналаў і выбітных даследчыкаў ў галінах гісторыі, спадчыны і турызму. Многія з іх прайшлі замежныя стажыроўкі. Сярод выкладчыкаў ёсць тыя, хто працуе ад самых першых дзён стварэння праграмы, а таксама тыя, хто сам некалі быў студэнтам праграмы.

Выстава, прысвечаная 20-годдзю праграмы «Культурная спадчына і турызм», уключае фотаздымкі розных гадоў з асабістых архіваў студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў праграмы, прапаноўваючы цікавае падарожжа ў прасторы і часе.

Назад

Галерэя