Мэтаю нашых штогадовых падарожжаў у Фларэнцыю ёсць ставарэнне групавых і індывідуальных праектаў, на зададзеную тэматыку. На унівэрсітэт гэта асяроддзе, што дае студэнтам магчымасць для разумення таго, што “humanities” – гэта здольнасць да стварэння ўласна саміх сябе, рэалізацыі магчымасці быць аўтарам, выявіць уласную мову выказвання сябе.
Сёлетняй тэмаю, камэртонам, для творчых вучэбных праектаў стала “ВЫГНАННЕ”. Гэтая тэма апэлюе да драматычнага лёсу Дантэ Аліг’еры, многіх іншых выбітных флярэнтыйцаў, а таксама і да выгнанца з Бацькаўшчыны Міхала Клеафаса Агінскага, які менавіта ў Фларэнцыі напісаў свой славуты паланэз “Развітанне з Радзімаю”. Трагічныя падзеі апошніх гадоў у нашым рэгіёне таксама, міжволі, наводзяць на разважанні, на гістарычныя паралелі і іх адлюстраванні ў культуры.
З групаю студэнтаў праграмаў “Тэатральнае мастацтва і акёрская ігра” і “Візуальны дызайн” разам з выкладчыкамі, Уладзімірам Даўгялам, Вольгай Палевіковай, Сяргеем Харэўскім і Алегам Вінічэнкам шукалі там слядоў геніяў- вагнанцаў, вывучалі гісторыю і культуру горада, натхняліся яго магічным паветрам. Блукаючы па вуліцах Фларэнцыі, яны разам згадвалі і многіх іншых вандроўнікаў і выгнанцаў, якія або пакінулі яго, або, наадварот, знайшлі сабе прытулак менавіта ў гэтым чароўным горадзе.
У рамах праграмы паездкі былі наведаны важнейшыя музэі-скарбонкі сусветных шэдэўраў, шматлікія храмы, поўныя твораў мастацтва і бясцэнных рэліквіяў, а таксама старасвецкія палацы і паркі, што помняць і тытанаў эпохі Адраджэння і вандроўнікаў розных часоў, з розных краінаў. Вынікі падарожжа, у выглядзе некалькіх супольных праектаў, будуць прэзентаваныя на летняй сэсіі. Але ўнікальны досвед, атрыманы ў Фларэнцыі, застанецца ў сэрцы назаўжды!