Па словах старшыні Усеагульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ, прэзідэнта Фонду «Еўразія» Хортана Бібі-Сэнтэра: «ЕГУ ўдвая пашанцавала, што сп-р Ёргенсэн прыйшоў ва ўніверсітэт як в.а. Рэктара. Па-першае, ён прынясе выбітны вопыт у галіне адукацыйнага адміністравання і глыбокія веды ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва — якасці, неабходныя на гэтым этапе развіцця ЕГУ. Па-другое, прызначэнне сп-ра Ёргенсэна стала магчымым дзякуючы працы і падтрымцы Урада Швецыі, аднаго з асноўных партнёраў ЕГУ. Хачу пажадаць сп-ру Ёргенсэну поспехаў у новай ролі і разлічваю на шчыльную супрацу».
Пошукі часовага Рэктара ажыццяўляліся ў супрацоўніцтве з Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці (SIDA), якое актыўна падтрымлівае ўніверсітэт і адмініструе фінансавую падтрымку ЕГУ ад імя Еўрапейскага саюза. Па словах кіраўніцы Аддзялення навакольнага асяроддзя, рынкавага развіцця і Усходняй Еўропы Мір’і Петэрсан: «Прафесійны вопыт сп-ра Ёргенсэна — гэта тое, што неабходна ЕГУ ў дадзены момант. Мы чакаем, што яго прыход ва ўніверсітэт стабілізуе падмурак для будучага развіцця ЕГУ».
Да прыходу ў ЕГУ Ёрген Ёргенсэн займаў пасаду Дырэктара адміністрацыі Універсітэта Орхуса, другога па велічыні ўніверсітэта Даніі. Цягам сваёй кар’еры сп-р Ёргенсэн працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Даніі і Міністэрстве аховы здароўя і ўнутраных спраў Даніі, муніцыпалітэце Капенгагена, а таксама больш за 20 гадоў узначальваў найбуйнейшыя бальніцы Даніі, у тым ліку бальніцу Біспеб’ерг і Універсітэцкі шпіталь Капенгагена. У сферу адказнасці сп-ра Ёргенсэна ўваходзіла рэалізацыя структурных, фінансавых і арганізацыйных рэформ, якія былі выдатна праведзеныя дзякуючы строгай бюджэтнай палітыцы і стабільнаму павелічэнню выдаткаў на навуку і даследаванні.
В. а. Рэктара падкрэсліў неабходнасць паслядоўнасці, стабільнасці і празрыстасці ў перыяд пераходу ЕГУ да ўстойлівай фінансавай дзейнасці і планавання. Па словах сп-ра Ёргенсэна: «Для мяне гонар быць адабраным на пасаду, каб паслужыць “звязкай” паміж мінулым і будучым пастаяннымі Рэктарамі. У цесным супрацоўніцітве з сябрамі і партнёрамі ЕГУ мы мусім стварыць здаровы і ўстойлівы фінансавы падмурак для будучага росту і развіцця гэтага ўнікальнага праекта, як ніколі раней запатрабаванага беларускім грамадствам».
Сп-р Ёргенсэн скончыў Універсітэт Капенгагена са ступенню магістра эканомікі. Цягам сваёй кар’еры ў галіне топ-менеджменту ён таксама завяршыў Еўрапейскую лідарскую праграму ў галіне аховы здароўя ў прэстыжнай французскай бізнэс-школе INSEAD.