Заява ЕГУ з нагоды падзеяў у Беларусі

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адзінадушна выказвае падтрымку грамадзянам Беларусі і сваю салідарнасць з пацярпелымі і затрыманымі падчас мірных сходаў 9-10 жніўня.

9 жніўня скончыліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, правядзенне якіх суправаджалася масавымі парушэннямі і фальсіфікацыяй вынікаў галасавання. Шматлікія факты парушэнняў і фальсіфікацый зафіксаваныя незалежнымі назіральнікамі і праваабаронцамі, што дазваляе не прызнаць выбары свабоднымі і справядлівымі.

Свабода сходаў, свабода слова, актыўнае выбарчае права ёсць базавымі свабодамі, захаванне якіх гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі. Скіраваўшыся да выбарчых участкаў пасля сканчэння галасавання, а таксама выйшаўшы на вуліцы гарадоў, грамадзяне Беларусі выказалі мірнае памкненне да забеспячэння празрыстага і бесстаронняга падліку галасоў.

Абмежаванне доступу да інфармацыі, замах на гонар і годнасць, беспадстаўны і брутальны гвалт з боку сілавых ведамстваў, а таксама наўмыснае ўзяццё грамадзянаў пад варту ёсць недапушчальнымі парушэннямі Канстытуцыі і міжнародных абавязальніцтваў Беларусі, у тым ліку Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

 Супольнасць Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта перакананая, што мірным пратэстам жыхары дзясяткаў гарадоў Беларусі паказалі ўсяму свету адзінагалоснае патрабаванне да ўладаў выконваць дэмакратычныя нормы і прынцыпы вяршэнства права.

Мы выказваемся супраць любога гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў і заклікаем да забеспячэння грамадзянам права на свабодны доступ да інфармацыі і выкананне свабод і правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі. Мы асуджаем гвалт і заклікаем неадкладна вызваліць усіх затрыманых. Забеспячэнне асноўных і грамадзянскіх правоў і свабод чалавека, як і права голасу, з’яўляецца асноватворнай каштоўнасцю любога грамадства.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт будзе працягваць пільна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, а таксама гатовы аказаць падтрымку студэнтам універсітэтаў Беларусі, якія зазнаюць рэпрэсіі з боку ўладаў.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць усіх грамадзянаў Беларусі, якія падпалі пад рэпрэсіі і гвалту з боку ўладаў.

Назад