Зварот в.а. Старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ да Радыё Свабода

Шаноўны сп. Рэдактар,

Ад імя Кіраўнічай рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, дазвольце мне адрэагаваць на нядаўні рост зацікаўленасці беларускай службы Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода справамі нашай універсітэцкай супольнасці, што вылілася ў шэраг артыкулаў, апублікаваных на мінулым тыдні.

На самым пачатку змушанай эміграцыі ўніверсітэта ў Вільню ў 2004 годзе міжнародная донарская падтрымка высакаякаснай і інаватыўнай вышэйшай адукацыі для маладых беларусаў падавалася нязбытнай марай, але амаль адразу амерыканскія партнёры, Фундацыя МакАртураў, Фонд Еўразія і Фундацыя “Адкрытае грамадства” выступілі з прапановамі, параўнальнымі па шчодрасці з неверагоднай гасціннасцю Урада Літвы, які даў ЕГУ новы дом у сваёй краіне. Новыя фундатары з усяго Еўразвязу і Паўночнай Рады спрычыніліся да фінансавай дапамогі ўнікальнаму праекту ЕГУ.

Але непазбежна, у той час як сусветная палітычная і эканамічная павестка дня сутыкнулася з радыкальнымі выклікамі цягам апошняга дзесяцігоддзя, змяніліся і падставовыя прыярытэтныя кірункі фінансавання некаторых нашых партнёраў. Да прыкладу, калі па Еўропе ўдарыў эканамічны крызіс, Грэцыя апынулася няздольнай аказваць падтрымку ў колішнім аб’ёме; падобным чынам, наступствам міграцыйнага крызісу, як нам паведамляюць, сталася нядаўняе рашэнне Рады міністраў Паўночных краін. На шчасце, ЕГУ падтрымлівае цэлы шэраг фундатараў па абодва бакі Атлантычнага акіяна: тыя, хто засталіся нашымі партнёрамі нягледзячы на змену ў палітычнай павестцы дня; сярод іх – Еўракамісія, агенцыі і фундацыі, напрыклад, Фундацыя “Адкрытае грамадства”, Шведская агенцыя па міжнародным развіцці (SIDA) ды іншыя.

У адказ універсітэцкая супольнасць унесла змены ў свой стратэгічны план, з тым каб падвысіць аперацыйную эфектыўнасць, стварыла новы блок агульнаўніверсітэцкіх курсаў і ўвяла больш эфектыўную форму кіравання акадэмічнымі працэсамі. Таксама адбыліся вялікія фінансавыя скарачэнні, аднак тыя з іх, што цягнуць за сабой змяншэнне колькасці супрацоўнікаў, не паўплываюць станоўча на бюджэтную дынаміку, пакуль не будуць прапрацаваныя выдаткі на скарачэнне персаналу.

Як атрымальнік міжнароднай донарскай дапамогі, універсітэт, натуральна, павінен прадэманстраваць донарам, што яго аперацыі ёсць празрыстымі і эканамічна эфектыўнымі – праз публікацыю штогадовых справаздачаў (што наўрадці ўласціва любому іншаму з беларускіх універсітэтаў), міжнародныя працэдуры забеспячэння якасці ды незалежны аўдыт. Што тычыцца апошняй справаздачы, замоўленай Радай міністраў Паўночных краін і выкананай літоўскім прадстаўніцтвам “Deloitte“, я мушу адзначыць, што д-р Дэніэл Таршыс (на той час Старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ) выказаў шэраг істотных пярэчанняў што да працэсу аўдыту і да высноваў, якія ўтрымліваюцца ў першапачатковым варыянце справаздачы. На гэтыя пярэчанні мы не атрымалі ніякага адказу: ні ад літоўскага прадстаўніцтва “Deloitte“, ні ад Рады міністраў Паўночных краін. Цяпер яны выпусцілі яшчэ адзін варыянт справаздачы, да якой могуць быць выказаныя тыя самыя пярэчанні, таму, карыстаючыся з парады вашынгтонскай юрыдычнай фірмы “Akin Gump Strauss Hauer & Feld LLP”, я як в.а. Старшыні Кіраўнічай рады лічу немагчымым прыняць справаздачу, якую выканала літоўскае прадстаўніцтва “Deloitte“, у яе цяперашняй форме, і цяпер я раблю крокі, каб афіцыйна аспрэчыць працэдуру і высновы апошняй версіі справаздачы Паўночнай радзе.

Эн Лонсдэйл,
в.а. Старшыні Кіраўнічай рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

Назад