Літва з’яўляецца дзяржавай-членам Еўрапейскага саюза, а таксама краінай-заснавальніцай Балонскага працэсу, таму дыпломы ЕГУ цалкам адпавядаюць асноўным палажэнням Балонскай дэкларацыі і Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Пасля заканчэння праграмы навучання ва ўніверсітэце выпускнікам ЕГУ ўручаецца Дыплом бакалаўра або магістра (выдадзеныя на літоўскай і англійскай мовах) і Дадатак да дыплома. Выпускнікі дактарантуры атрымліваюць Дыплом доктара ўсталяванай формы.
Дадатак да дыплома – дакумент, распрацаваны супольнымі намаганнямі Еўрапейскай Камісіі, Рады Еўропы і ініцыятывы UNESCO/CEPES.
Усе студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пры сканчэнні ўніверсітэта атрымліваюць Дадатак да дыплома бескаштоўна. Азнаёмцеся з прыкладам Дадатку да дыплома аб сканчэннi бакалаўрыяту цi магicтратуры.
Дадатак да дыплома аформлены на дзвюх мовах – англійскай і літоўскай. Па спасылцы (англ.) вы знойдзеце больш дэталёвую інфармацыю наконт структуры Дадатку.
Дадатак да дыплома спрашчае працэдуру міжнароднага прызнання адукацыйных кваліфікацый і можа выкарыстоўвацца як дапаўненне да зыходнай кваліфікацыі. Ён утрымлівае неабходную інфармацыю пра сутнасць, узровень, кантэкст і статус любой універсітэцкай кваліфікацыі. Дадатак закліканы спрасціць праблему прызнання і паспрыяць дасягненню празрыстасці.
Міжнароднае прызнанне дыпломаў ЕГУ
Дадатак да дыплома з’яўляцца эфектыўным інструментам па дасягненні празрыстасці і спрыяе фармаванню абгрунтаваных высноў датычна акадэмічных кваліфікацый, аднак, тым не менш, ён не замяняе зыходных дакументаў аб атрыманні кваліфікацыі і не гарантуе аўтаматычнага прызнання кваліфікацыі ў акадэмічных ці прафесійных мэтах.
Працэдура прызнання дыпломаў адрозніваецца ў розных краінах. Дыплом ЕГУ бесперашкодна прызнаецца ў краінах ЕС і ЗША.
Акрамя гэтага, у рамках сацыяльнага Саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ЕС у Гётэборгу (Швецыя) у 2017 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні да 2025 года адзінай Еўрапейскай адукацыйнай прасторы, што дазволіць зрабіць працэс прызнання дыпломаў у ЕС яшчэ больш гнуткім і бесперашкодным.
З 2015 года Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Балонскага працэсу, аднак ёю выконваюцца далёка не ўсе палажэнні Балонскай дэкларацыі, што ўскладняе працэс прызнання еўрапейскіх дыпломаў ў гэтай краіне. На сённяшні дзень, у Беларусі прызнаюцца еўрапейскія дыпломы выпускнікоў магістарскіх праграм.
Пачынаючы з чэрвеня 2018 года краіны Балтыі ажыццяўляюць аўтаматычнае прызнанне адукацыйных дакументаў, у тым ліку дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, якія выдае ЕГУ.
У Расіі і Украіне бесперашкодна прызнаюцца як дыпломы бакалаўрскіх, так і дыпломы магістарскіх праграм ЕГУ.
Для праходжання працэдуры прызнання дыплома ЕГУ ў той ці іншай краіне варта звяртацца ў мясцовыя адказныя органы, якія займаюцца гэтай дзейнасцю.