ПРАВІЛЫ КАРЫСТАННЯ БІБЛІЯТЭКАЙ
Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
ЗАЦВЕРДЖАНА
загадам Рэктара ЕГУ № 01-133
ад 19 верасня 2016 г.
1. Агульныя палажэнні
1.1. Фонды бібліятэкі належаць Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту; карыстацца імі могуць студэнты, магістранты, дактаранты, прафесарска-выкладчыцкі склад, навукоўцы, супрацоўнікі ЕГУ, студэнты іншых вышэйшых навучальных установаў Літвы ды іншыя (далей – карыстальнікі).
2. Парадак запісу ў бібліятэку
2.1. Каб запісацца ў бібліятэку, прафесарска-выкладчыцкі склад ды іншыя супрацоўнікі ўніверсітэта павінныя прад’явіць пашпарт/іншы дакумент, які пацвярджае асобу. Студэнты запісваюцца ў бібліятэку на падставе загаду аб залічэнні ва ўніверсітэт. Іншыя карыстальнікі, каб запісацца ў бібліятэку, павінныя прад’явіць студэнцкі білет і/ці пашпарт/іншы дакумент, які пацвярджае асобу.
2.2. Студэнтам ЕГУ і іншых ВНУ Літвы студэнцкі білет дае права карыстацца бібліятэкай.
2.3. Пры запісе ў бібліятэку карыстальнік павінен азнаёміцца з правіламі карыстання бібліятэкай ды іншымі дакументамі, якія рэгламентуюць умовы карыстання бібліятэкай. Пачынаючы карыстацца паслугамі бібліятэкі, карыстальнік тым самым пацвярджае, што азнаёмлены і згодны з умовамі карыстання бібліятэкай.
3. Парадак карыстання фондам бібліятэкі
3.1. Каб атрымаць кнігі, іншыя друкаваныя выданні ды іншыя матэрыялы (далей – выданні), карыстальнік прад’яўляе супрацоўніку бібліятэкі студэнцкі білет/пашпарт/іншы дакумент, які пацвярджае асобу.
3.2. Выдача літаратуры рэгіструецца ў электроннай бібліятэчнай сістэме (далей – электронны фармуляр).
3.3. Студэнты ЕГУ карыстаюцца паслугай выдачы кніг на дом, заплаціўшы залог вызначанага памеру (сума залогу вызначаецца паводле загаду рэктара). Залог вяртаецца пасля таго, як карыстальнік цалкам разлічыцца з бібліятэкай.
3.4. Тэрміны выдачы выданняў на абанеменце:
3.4.1. Навуковая літаратура – на тэрмін да 2 месяцаў у наступнай колькасці:
- 10-15 асобнікаў – прафесарска-выкладчыцкаму складу, навукоўцам, іншым супрацоўнікам;
- да 3 асобнікаў – студэнтам пастаяннай сесійнай (завочнай) формы навучання;
- да 10 асобнікаў – іншым карыстальнікам.
3.4.2. Вучэбная літаратура на семестр або навучальны год у колькасці, якая вызначаецца ў адпаведнасці з навучальнымі планамі і праграмамі.
3.4.3. Перыядычныя выданні – не больш за 3 асобнікі на тэрмін да 15 дзён.
3.5. Усе карыстальнікі бібліятэкі ЕГУ могуць працаваць з літаратурай і іншымі носьбітамі інфармацыі ў чытальнай зале бібліятэкі. Браць выданні на дом маюць права толькі студэнты, магістранты, дактаранты, прафесарска-выкладчыцкі склад, навукоўцы, супрацоўнікі ЕГУ.
3.6.Чытачы маюць магчымасць падоўжыць тэрмін карыстання ўзятай на дом літаратурай не больш за тры разы, калі на яе няма попыту з боку іншых карыстальнікаў. Тэрмін карыстання вучэбнай літаратурай, выдадзенай на год, не падаўжаецца.
4. Парадак выдачы ў часовае карыстанне выданняў з чытальнай залы бібліятэкі
4.1. У часовае карыстанне выдаюцца выданні з чытальнай залы бібліятэкі ЕГУ, акрамя слоўнікаў, даведнікаў, энцыклапедый і падручнікаў па мовах.
4.2. У адны рукі даецца не больш за адно выданне, якое выдаецца на ноч, і не больш за адно выданне, якое выдаецца на 3 дні.
4.3. Першы ці адзіны асобнік выданняў з чытальнай залы выдаецца на ноч не раней чым за дзве гадзіны да канца працоўнага дня. Асобнік павінен быць вернуты ў бібліятэку не пазней чым праз дзве гадзіны пасля пачатку працы бібліятэкі ў наступны працоўны дзень.
4.4. Другі асобнік выданняў з чытальнай залы выдаецца на тэрмін да 3 дзён. Асобнік павінен быць вернуты ў бібліятэку не пазней чым праз дзве гадзіны пасля пачатку працы бібліятэкі ў чацверты працоўны дзень пасля выдачы.
4.5. Выкладчыкам ды іншым супрацоўнікам універсітэта выданні з чытальнай залы выдаюцца на тэрмін ад аднаго тыдня (першы ці адзіны асобнік) да 2 месяцаў (другі асобнік).
4.6. Чытачы маюць права адзін раз падоўжыць тэрмін карыстання часова выдадзенымі выданнямі, калі на іх няма попыту з боку іншых чытачоў.
4.7. Бібліятэка можа прыняць рашэнне, што выданні, якія карыстаюцца шырокім попытам, пэўны час могуць не выдавацца ў часовае карыстанне.
4.8. Карыстальнік, які двойчы не вярнуў выданні своечасова, на год пазбаўляецца магчымасці карыстацца гэтай паслугай.
4.9. Бібліятэка пакідае за сабой права змяняць гэты парадак, не папярэдзіўшы чытачоў загадзя.
5. Правы і абавязкі карыстальнікаў
5.1. Карыстальнікі бібліятэкі маюць права:
5.1.1. атрымліваць поўную інфармацыю пра змест фондаў бібліятэкі і неабходныя выданні ў часовае карыстанне;
5.1.2. карыстацца бібліяграфічным, даведачна-інфармацыйным абслугоўваннем і іншымі відамі паслуг, якія аказвае бібліятэка.
5.2. Карыстальнікі абавязаныя:
5.2.1. не выносіць з бібліятэкі літаратуру без дазволу супрацоўніка бібліятэкі і адпаведнага запісу ў электронным фармуляры;
5.2.2. не парушаць расстаноўку выданняў у адкрытым доступе (у чытальнай зале);
5.2.3. берагчы атрыманыя з фонду бібліятэкі выданні (не ірваць і не загінаць старонкі, не пакідаць запісаў і не падкрэсліваць), своечасова вяртаць іх;
5.2.4. пры атрыманні выданняў уважліва іх праглядаць і, заўважыўшы дэфекты, папярэджваць пра гэта бібліятэкараў;
5.2.5. працуючы ў чытальнай зале, захоўваць парадак і цішыню, пакідаць верхнюю вопратку, сумкі, заплечнікі і да т.п. у прызначаных для гэтага месцах;
5.2.6. згубіўшы або сапсаваўшы выданні, узятыя з фонду бібліятэкі, вярнуць у бібліятэку такія самыя выданні ці іх копіі альбо замяніць іх іншымі выданнямі, якія бібліятэка лічыць раўназначнымі паводле кошту і зместу. Калі немагчыма замяніць – кампенсаваць у трохразовым памеры іх кошт у адпаведнасці з коштам на момант замены;
5.2.7. пры выбыцці з універсітэта вярнуць у бібліятэку ўсе выданні, якія лічацца за карыстальнікам.
6. Правы і абавязкі бібліятэкі
6.1. Бібліятэка мае права:
6.1.1. за парушэнне правілаў карыстання пазбаўляць чытачоў права звяртацца ўва ўсе пункты абслугоўвання бібліятэкі на тэрмін да 2-х месяцаў;
6.1.2. паведамляць кіраўніцтву ўніверсітэта пра парушэнне чытачамі правілаў карыстання бібліятэкай, каб да іх былі прымененыя меры адміністрацыйнага пакарання;
6.1.3. калі карыстальнік згубіў ці сапсаваў выданні, узятыя з фонду бібліятэкі, і адмаўляецца кампенсаваць іх кошт, не вяртаць яму залог;
6.1.4. спаганяць пеню за несвоечасова здадзеныя ў бібліятэку выданні ў адпаведнасці з раздзелам 7 гэтых Правілаў.
6.2. Бібліятэка абавязаная:
6.2.1. інфармаваць чытачоў пра ўсе тыпы паслуг;
6.2.2. ажыццяўляць бібліятэчнае і інфармацыйна-бібліяграфічнае абслугоўванне карыстальнікаў;
6.2.3. кантраляваць своечасовае вяртанне ў бібліятэку выдадзеных карыстальнікам выданняў;
6.2.4. выдаваць наступныя выданні толькі пасля таго, як карыстальнік здасць раней узятыя выданні, тэрмін карыстання якімі скончыўся;
6.2.5. пры вяртанні карыстальнікамі выданняў, у выпадку выяўлення дэфектаў, прымаць адпаведныя меры;
6.2.6. ствараць чытачам спрыяльныя ўмовы для працы ў бібліятэцы, забяспечваць высокую культуру абслугоўвання.
7. Парадак спагнання пені за несвоечасова здадзеныя ў бібліятэку выданні
7.1. За несвоечасова здадзеныя ў бібліятэку выданні спаганяецца пеня ў памеры, вызначаным гэтымі Правіламі.
7.2. Пеня налічваецца асобна для кожнай кнігі, іншага друкаванага выдання ды іншых матэрыялаў за кожны пратэрмінаваны дзень ад дня сканчэння тэрміну карыстання ўзятай у бібліятэцы літаратурай і да таго, пакуль не будзе здадзеная кожная ўзятая на дом кніга, іншае друкаванае выданне ды іншыя матэрыялы:
- для выданняў з абанемента – 0,06 еўра за кожны пратэрмінаваны дзень;
- для выданняў з чытальнай залы – 0,30 еўра за кожную пратэрмінаваную гадзіну (калі кніга выдадзеная на ноч) альбо 0,87 еўра за кожны пратэрмінаваны дзень (калі выданне выдадзена на 3 дні).
7.3. Пеня выплачваецца праз банкаўскі пераказ на рахунак універсітэта альбо праз выплату грошай у касу ўніверсітэта. Квітанцыю аб аплаце (у выпадку карыстання электроннай банкаўскай сістэмай – выпіску з гісторыі выплат з архіўных кодам) неабходна аддаць супрацоўніку бібліятэкі.
7.4. За згубленыя кнігі, іншыя друкаваныя выданні ды іншыя матэрыялы налічэнне пені спыняецца, калі чытач кампенсуе бібліятэцы шкоду ў адпаведнасці з п.п. 5.2.6 і 6.1.3 гэтых Правілаў. Пакрыццё шкоды не вызваляе ад аплаты налічанай пені.