Хто можа карыстацца бібліятэкай?
Без асобнай рэгістрацыі паслугамі бібліятэкі могуць карыстацца ўсе чальцы акадэмічнай супольнасці ЕГУ, якія маюць з сабой дакумент, што пацвярджае асобу (з фотаздымкам): дзейснае літоўскае пасведчанне студэнта (LSP), ISIC, пасведчанне асобы, пашпарт або від на жыхарства. Усіх астатніх жадаючых зарэгістравацца просім звяртацца да супрацоўнікаў бібліятэкі. Знешніх карыстальнікаў рэгіструем толькі пры прад’яўленні LSP, пасведчання асобы або пашпарта.
Як працуе бібліятэка?
Панядзелак–пятніца: 9.00–19.00
Субота: 9.00–14.00
У нядзелю і святочныя дні бібліятэка зачыненая.
Апошні дзень месяца – санітарны дзень. Наведнікі не абслугоўваюцца. У перадсвяточныя дні час працы бібліятэкі скарачаецца на адну гадзіну. Падчас сесіі студэнтаў пастаяннай сесійнай формы навучання (завочнікаў) бібліятэка працуе на гадзіну даўжэй.
Ці працуе бібліятэка ўлетку і падчас вакацыяў?
Так, працуе. Час працы бібліятэкі падчас летніх і зімовых вакацыяў:
Панядзелак–пятніца: 9.00–14.00.
У суботу, нядзелю і святочныя дні бібліятэка зачыненая. У перадсвяточныя дні час працы бібліятэкі скарачаецца на адну гадзіну.
Бібліятэка абслугоўвае толькі супольнасць ЕГУ?
Абслугоўваюцца ўсе наведнікі, але выданні выдаюцца дадому толькі зарэгістраваным чытачам.
Дзе можна зрабіць ксеракопіі?
У бібліятэцы маецца ксеракс (з функцыямі капіявання, сканавання і раздрукоўкі), які функцыянуе ў рэжыме самаабслугоўвання. Дадатковы ксеракс ёсць на 3-м паверху ўніверсітэта (насупраць аўд. 303); ім можна карыстацца незалежна ад часу працы бібліятэкі. Каб мець магчымасць ксеракапіраваць і раздрукоўваць, вам трэба папоўніць свой віртуальны рахунак у бібліятэцы (прымаем толькі наяўныя). Віртуальны рахунак прывязаны да ўніверсітэцкага акаўнту карыстальніка.
Ці магчыма раздрукаваць інфармацыю/дакументы?
Так. Раздрукоўванне і ксеракапіраванне функцыянуе ў рэжыме самаабслугоўвання і ажыццяўляецца праз папаўненне віртуальнага рахунку. Рахунак трэба папоўніць у бібліятэцы (прымаем толькі наяўныя грошы).
Ці магчыма адсканаваць дакумент?
Так, БЯСПЛАТНА. Ва ўніверсітэце размешчаныя сканеры, што функцыянуюць у рэжыме самаабслугоўвання. Сканаваць можна ў фарматах TIFF, JPEG і PDF. Адсканаваны дакумент дасылаецца карыстальніку па электроннай пошце.
Ці могуць карыстацца бібліятэкай людзі з абмежаванымі магчымасцямі?
Так, але пра канкрэтныя ўмовы карыстання рэкамендуем дазнавацца ў бібліятэцы. У бібліятэцы маецца кампутар з адмысловай клавіятурай для людзей са слабым зрокам і мышшу для асобаў з парушэннем развіцця маторнай функцыі.
Дзе знайсці паведамленні, якія дасылае бібліятэка?
Усе паведамленні ад бібліятэкі дасылаюцца на ваш электронны адрас ЕГУ – @student.ehu.lt або на той эл. адрас, які вы пазначылі як асноўны ў сваёй кантактнай інфармацыі.
Што яшчэ мне трэба ведаць?
Верхнюю вопратку, сумкі, заплечнікі просім пакідаць ва ўніверсітэцкіх локерах (шафках, якія замыкаюцца на ключ). Верхнюю вопратку вы таксама можаце павесіць на вешалку адразу каля ўваходу ў бібліятэку.
Дзе шукаць інфармацыю пра дакументы, якія захоўваюцца ў бібліятэцы?
У электронным каталогу бібліятэкі http://lib.ehu.lt
Дзе шукаць інфармацыю пра бакалаўрскія/магістарскія працы?
Інфармацыю пра выпускныя бакалаўрскія або магістарскія працы вы можаце знайсці ў электронным каталогу бібліятэкі http://lib.ehu.lt, а таксама ў віртуальнай бібліятэцы ЕГУ http://ehu.lvb.lt. У пашыраным пошуку электроннага каталога абярыце (1) Выпускныя працы і дысертацыі (Выпускные работы и диссертации), пастаўце птушку і (2) націсніце Шукаць (Искать).
Дзе можна даведацца пра колькасць асобнікаў выдання?
Трэба зрабіць пошук у электронным каталогу бібліятэкі http://lib.ehu.lt:
- увядзіце слова або фразу ў поле пошуку. Націсніце Шукаць (search);
- знайдзіце ў спісе неабходнае вам выданне;
- у апісанні выдання знайдзіце радок Даступнасць (напр., Даступнасць: Экземпляры, даступныя для пазыкі: European Humanities University [32 И90] (4)). Лічба ў канцы ў дужках паказвае, колькі асобнікаў маецца ў бібліятэцы; чырвоным колерам адзначана, колькі з іх цяпер недаступныя (напр., Выдадзена (1)). Заўвага: калі ў наяўнасці маецца 1 або 2 асобнікі, хутчэй за ўсё яны знаходзяцца не на абанеменце, а ў чытальнай зале і могуць быць выдадзеныя толькі на ноч.
У каталогу я знайш_ла спасылку Рэсурсы он-лайн. Ці магу я чытаць электронныя выданні з любога кампутара (не бібліятэчнага і не ўніверсітэцкага)?
Так, можаце. Дома вы можаце чытаць гэтыя выданні:
- аддалена далучыўшыся да сеткі ўніветсітэта (інструкцыя) – для падпісных рэсурсаў;
- зайшоўшы ў свой акаўнт Moodle – для выданняў у віртуальнай бібліятэцы.
Як знайсці кнігу ў каталогу?
Калі ласка, чытайце інфармацыю ці звяртайцеся непасрэдна да нас.
Ці магу я замовіць кнігу з дому?
Так, калі патрэбная вам кніга недаступная, яе можна замовіць, увайшоўшы ў свой уліковы запіс карыстальніка з любога кампутара ў любы час.
Колькі часу замова застаецца актуальнай? Ці можна яе змяняць і выпраўляць?
Прынятая замова застаецца актуальнай да яе выканання або да пазначанага падчас замовы (рэзервавання) тэрміну. Так, замову можна змяняць і выпраўляць (пазначыць тэрмін рэзервацыі, прыпыніць або адмяніць замову).
Як даведацца, ці выкананая замова?
Інфармацыя аб выкананні замовы дасылаецца на электронны адрас, пазначаны ва ўліковым запісе карыстальніка.
Як даведацца, ці не выдадзеная кніга?
Калі ў радку Даступнасць выдання, якое вас цікавіць (напр., Даступнасць: Экземпляры, даступныя для пазыкі: European Humanities University [32 И90] (4)), чырвоным пазначана Выдадзена (напр., Выдадзена (1)), гэта значыць, што выданне (ці яго некалькі асобнікаў) выдадзена карыстальніку і цяпер недаступна. Калі ў радку Даступнасць зялёным пазначана Даступна (напр., Даступна (3)), гэта значыць, што адпаведная колькасць асобнікаў свабодная і можа быць выдадзеная карыстальнікам на рукі. Заўвага: калі ў наяўнасці маецца 1 або 2 асобнікі, хутчэй за ўсё яны знаходзяцца не на абанеменце, а ў чытальнай зале і могуць быць выдадзеныя толькі на ноч.
Як замовіць кнігу, калі яна на руках у іншага чытача?
Замаўляючы такое выданне, правільна пазначце тэрмін дзеяння замовы: да якой даты вам патрэбная кніга. Паведамленне аб выкананні замовы вы атрымаеце на ваш электронны адрас ЕГУ.
Што рабіць, калі хочаце ўзяць кнігу дадому, а яна ёсць толькі ў чытальнай зале?
Рэкамендуем сканаваць / фатаграфаваць / капіяваць неабходныя вам часткі кнігі. Таксама маецца магчымасць узяць кнігу на адну ноч. Зазвычай мы паведамляем, да якой гадзіны трэба яе вярнуць.
Што рабіць, калі кнігі няма ў каталогу?
Рэкамендуем шукаць у Электронныя рэсурсы ці ў https://ehu.lvb.lt, праглядаць электронныя каталогі іншых бібліятэк недалёка ад вашага месца жыхарства. І, вядома, вы заўсёды можаце звярнуцца да нас па дапамогу.
Ці магу я атрымаць кнігу, калі ў мяне няма LSP?
Кнігі выдаюцца пасля прад’яўлення любога дакумента (з фотаздымкам), якi пацвярджае вашую асобу: LSP, ISIC, пасведчанне асобы, пашпарт або від на жыхарства.
Што яшчэ трэба, каб я змог узяць кнігу дадому?
Кнігі дадому выдаюцца толькі пры наяўнасці залогу. Залог адзінкавы ў памеры 15 еўра, памер залогу вызначаны паводле распараджэння № 28-04 ад 21 верасня 2007 г. Залог вяртаецца пасля поўнага разліку з бібліятэкай.
Якія выданні не выдаюцца дадому?
- выпускныя бакалаўрскія і магістарскія працы;
- дысертацыі, іх рэзюмэ;
- даведачныя выданні;
- дапаможнікі па мовах з чытальнай залы;
- рэдкія выданні.
Дзе можна забраць замоўленае выданне? Колькі дзён яно будзе «чакаць» чытача?
Забраць выданне трэба ў тым месцы, дзе яно захоўваецца. Замовы застаюцца ляжаць на паліцах на працягу 3 дзён.
На які тэрмін выдаюцца кнігі?
Ад адной ночы да года, у залежнасці ад канкрэтнага выдання.
Колькі кніг можа быць выдадзена аднаму чытачу?
Падручнікаў можа выдавацца столькі, колькі патрэбна, а іншых выданняў – да 5 адзінак; з чытальнай залы выдаецца не больш за 1 кнігу на 1 ноч.
Як падоўжыць тэрмін карыстання кнігай?
Падоўжыць тэрмін карыстання кнігай можна:
- самастойна, увайшоўшы ў свой акаўнт чытача;
- праз эл. пошту: library@ehu.lt;
- у бібліятэцы.
Колькі разоў я магу падаўжаць тэрмін вяртання кнігі?
Колькасць разоў падаўжэння тэрміну карыстання залежыць ад тэрміну выдачы пэўнага выдання. Выданні, якія выдаюцца на год, не падаўжаюцца; тэрмін карыстання выданнямі, выдадзенымі на семестр, можна падоўжыць адзін раз. Выданні, якія выдаюцца на 2 тыдні і 2 месяцы, можна падаўжаць не больш за 5 разоў, калі ў вас няма вялікіх запазычанасцяў (доўг не павінен пераўзыходзіць 6 еўра) і калі гэтую кнігу не замовіў іншы чытач.
Як падоўжыць тэрмін вяртання кнігі праз інтэрнэт?
Увайдзіце ў эл. каталог:
- зарэгіструйцеся (Увайсці ў свой уліковы запіс), потым зайдзіце ў Мая зводка;
- адзначце птушкай Падоўжыць кнігу(-і), тэрмін вяртання якой(-іх) вы хочаце падоўжыць, націсніце Падоўжыць выбраныя;
- праверце, ці падоўжаны тэрмін карыстання кнігай;
- выйдзіце з сістэмы, націснуўшы кнопку Выйсці.
Ці можа іншы чалавек вярнуць кнігу, якую я браў?
Так, пры вяртанні прад’яўляць пасведчанне асобы не трэба.
Як разлічыцца за несвоечасова вернутыя / згубленыя кнігі?
Чытачы за кожную несвоечасова вернутую кнігу выплачваюць Універсітэту пеню вызначанага памеру. Памер пені вызначаецца ў Правілах карыстання бібліятэкай. Суму да аплаты неабходна праверыць у бібліятэцы або ва ўліковым запісе чытача. Аплаціць можна наяўнымі ў бібліятэцы або банкаўскім пераказам на рахунак універсітэта (у такім выпадку неабходна ў бібліятэку падаць дакумент, які пацвярджае аплату). Калі бібліятэчная кніга згубленая альбо сапсаваная, вы мусіце прынесці ўзамен такую самую альбо раўзначную кнігу. Перш чым набыць новую кнігу замест страчанай, просім пракансультавацца з супрацоўнікамі бібліятэкі.
Ці захоўваюцца ў бібліятэцы курсавыя, бакалаўрскія і магістарскія працы?
Бакалаўрскія і магістарскія працы, доктарскія дысертацыі і іх рэзюмэ захоўваюцца ў бібліятэцы. Бакалаўрскія і магістарскія працы, абароненыя ў 2019 годзе і пазней, дасяжныя толькі ў электронным фармаце. Курсавыя працы захоўваюцца ў акадэмічных дэпартаментах.
Дзе знайсці перыядычныя выданні?
Свежыя нумары выданняў размяшчаюцца на выставе ў бібліятэцы побач з новымі кнігамі; іншыя нумары захоўваюцца ў кнігасховішчы. Інфармацыю пра ўсе нумары вы знойдзеце ў каталогу бібліятэкі падчас пошуку пэўнага выдання.
Ці ёсць у бібліятэцы электронныя кнігі / часопісы?
Так, ёсць. Вы знойдзеце іх у Электронным каталогу, раздзеле Электронныя рэсурсы, на тытульнай старонцы Электроннага каталога і праз https://ehu.lvb.lt.
Дзе можна знайсці навуковыя артыкулы?
Навуковыя артыкулы можна знайсці ў часопісах, якія захоўваюцца ў бібліятэцы, а таксама ў Электронных рэсурсах.
Хто можа карыстацца кампутарамі і інтэрнэтам у бібліятэцы?
Кампутарамі і інтэрнэтам могуць карыстацца ўсе чальцы супольнасці ЕГУ, якія маюць дзейсны акаўнт.
Ці можна прыйсці ў бібліятэку са сваім кампутарам і падлучыцца да інтэрнэту?
Так, можна. У бібліятэцы дзейнічаюць wifi-сеткі EHU і EHU HQ, якімі можна карыстацца.
На якія базы дадзеных падпісаная бібліятэка?
Інфармацыю пра базы дадзеных, на якія падпісаная бібліятэка, вы знойдзеце на старонцы бібліятэкі або на тытульнай старонцы эл. каталога бібліятэкі.
Хто можа карыстацца базамі дадзеных па падпісцы?
Базамі дадзеных, на якія падпісаная бібліятэка, могуць карыстацца чальцы акадэмічнай супольнасці ЕГУ (студэнты ўсіх узроўняў, ступеняў і формаў навучання, выкладчыкі, іншыя супрацоўнікі). З усімі пытаннямі па карыстанні базамі дадзеных просім звяртацца: library@ehu.lt.
Ці можна карыстацца базамі дадзеных, на якія падпісаная бібліятэка, не з універсітэцкіх кампутараў?
Так. Чальцы акадэмічнай супольнасці ЕГУ могуць карыстацца базамі дадзеных, на якія падпісаная бібліятэка, па-за межамі ўніверсітэта. Для гэтага трэба аддалена далучыцца да сеткі ЕГУ (інструкцыя).
Калі я далучуся да базы дадзеных з дому, ці атрымаю я такую самую інфармацыі, як і далучыўшыся праз сетку ЕГУ?
Так. Карыстаючыся базамі дадзеных з дому, вы знойдзеце дакладна столькі ж інфармацыі, як калі б вы далучыліся да базаў з кампутараў сеткі ЕГУ.
Што такое тэставаныя базы дадзеных?
Базы дадзеных, да якіх даецца часовы бясплатны доступ, які дазваляе азнаёміцца з іх зместам, называюцца тэставанымі базамі дадзеных.
З кім можна пракансультавацца па пытанні пошуку ў базах дадзеных?
Кансультацыі і падрабязную інфармацыю пра базы дадзеных можна атрымаць:
- у бібліятэцы па адрасе вул. Савічаўс 17, 1-ы паверх, аўд. 111, 01127 Вільня, Літва;
- па эл. пошце: library@ehu.lt
Як разлічыцца з бібліятэкай?
Усе студэнты/слухачы, якія сканчаюць навучанне ва ўніверсітэце (перад уручэннем дыпломаў або перапыненнем навучання), абавязаныя разлічыцца з бібліятэкай.
Ці трэба мне разлічвацца з бібліятэкай (заходзіць з абыходным лістом), калі я ніколі там не бра_ла кніг?
Так, дзейнічае адзіны парадак разліку з бібліятэкай.