Арганізатары панэлі: дацэнт Уладзіслаў Іваноў (ЭГУ) і Скарынаўская бібліятэка-музэй у Лёндане.
Міждысцыплінарная панэль «Дэкалянізацыя Беларусі: досьвед і ўзаемадзеяньне дыяспары і мэтраполіі» прысьвечаная дэкаляніялісцкаму парадку дня, які асабліва востра актуалізаваўся пасьля падзеяў у Беларусі 2020 г. і з разьвязаньнем расейска-ўкраінскай вайны.
Дэкалянізацыя тут разумеецца як пераасэнсаваньне існых прынцыпаў інтэрпрэтацыі, часта стэрэатыпаў, якія засталіся ў палітычным, грамадзка-сацыяльным, навуковым і адукацыйным дыскурсах як спадчына імпэрскіх і савецкіх ідэалягічных трактовак і сэнсаў, зь якіх складаецца штодзённае жыцьцё і ўся рэчаіснасьць. Задачай дэкалянізацыі ў акадэмічным і адукацыйным кантэксьце можна вызначыць разьвіцьцё эпістэмалягічных падыходаў і практыкаў, якія не залежаць і не абапіраюцца на імпэрскія эпістэмалёгіі.
Панэль ахоплівае такія тэмы, як гісторыя, мова, практыкі супрацьстаяньня каляніялісцкаму рэжыму, роля і месца беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і памяці, адукацыя і інш. Таксама, у параўнаўчым сьвятле, вітаецца асэнсаваньне іншакультурных дэкаляніялісцкіх практыкаў.
Асаблівы акцэнт на панэлі робіцца на сучасных выкліках дэкалянізацыі, якія ахопліваюць мову, тоеснасьць, дэмакратызацыю, супрацьстаяньне дыктатуры і вайне.
Дзякуючы міждысцыплінарнаму падыходу, панэль будзе цікавая як спэцыяліст-к-ам у гуманістыцы, так і ў сацыяльных навуках.