Урад Літвы: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт працягне дзейнасць у Вільні

31 студзеня падчас нарады Урада Літвы Міністэрства асветы і навукі прадставіла праект рашэння аб адтэрміноўцы адклікання дзеючай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) да 1 ліпеня 2019 года. Такое рашэнне дазволіць Універсітэту працягваць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманне новай ліцэнзіі. Чакаецца, што новая ліцэнзія будзе выдадзена ЕГУ да пачатку новага 2018/19 навучальнага года.

Сёлета навучальны працэс у ЕГУ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным акадэмічным графікам: пасля экзаменацыйнай сэсіі студэнты распачнуць вясновы семестр 1 сакавіка, уручэнне дыпломаў выпускнікам ЕГУ адбудзецца 29 чэрвеня, прыём дакументаў для паступлення на бакалаўрскія і магістарскія праграмы будзе праходзіць з 1 траўня да 1 ліпеня.

Кіраўнічая рада ЕГУ вітае канструктыўныя вынікі нарады Урада Літвы, што дазволяць беларускаму ўніверсітэту ў выгнанні ў Вільні і далей працягваць працу. Кіраўніцтва ЕГУ падасць уладам Літвы афіцыйную заяву аб выдачы новай ліцэнзіі.

«Па выніках інтэнсіўных і канструктыўных кансультацый з літоўскімі ўладамі Кіраўнічая рада ЕГУ станоўча адзначае, што сённяшняе рашэнне было дасягнута агульнымі намаганнямі. Мы былі запэўненыя ў тым, што заява ЕГУ аб выдачы новай ліцэнзіі будзе аператыўна разгледжана, што ў сваю чаргу, дазволіць універсітэту працягнуць працу ў Вільні. Хачу з радасцю адзначыць, што Урад прапанаваў Мінстэрству асветы і навукі разам з Міністэрствам замежных спраў і Цэнтрам даследванняў Усходняй Еўропы ўзмацніць супрацоўніцтва ў галіне навуковай дзейнасці ўніверсітэта», – заявіў старшыня Кіраўнічай Рады ЕГУ Пэр Карлсэн.

З мэтай урэгулявання статуса ЕГУ у Літве, напачатку студзеня кіраўніцтва Універсітэта накіравала Міністэрству асветы і навукі афіцыйную прапанову, якая ўключае план дзеянняў, прысвечаны выкананню рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі.

 

Назад
Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.