Навучанне працягваецца і па-за сценамі ўніверсітэта: студэнты-дызайнеры ЕГУ даследуюць культурны ландшафт Літвы

Нават падчас летніх вакацый студэнты праграмы «Візуальны дызайн» Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта працягваюць навучанне — цяпер па-за межамі аўдыторый. Сёлета асноўнымі кропкамі маршруту сталі Каўнас і Панявежыс.

Такія паездкі, якія ўжо становяцца добрай традыцыяй, ініцыяваныя выкладчыкам курса фатаграфіі Сяргеем Міхаленкам. Ён бачыць у іх важную частку адукацыйнага працэсу.

«Гэтыя паездкі важныя з многіх прычын, — расказвае Сяргей Міхаленка. — Найперш — гэта паглыбленне ў еўрапейскую і, у прыватнасці, літоўскую культурную прастору, знаёмства з тым, як наладжаны інстытуцыі, звязаныя з рэпрэзентацыяй і захаваннем культурнай спадчыны. Мы наведваем галерэі і музеі, унікальныя не толькі для Літвы. Напрыклад, у Запішкісе, непадалёк ад Каўнаса, мы пабывалі ў персанальнай галерэі Антанаса Суткуса са сталай экспазіцыяй пад адкрытым небам — гэта адначасова і галерэя, і помнік выдатнаму фатографу пры яго жыцці. У Каўнасе наведалі Kaunas Photography Gallery — адзін з ключавых цэнтраў фатаграфіі ў краіне. А ў Панявежысе нашай мэтай стаў музей сучаснага мастацтва Stasys Museum. Ён адкрыўся ўсяго год таму, але ўжо стаў яскравым прыкладам таго, як культурныя праекты высокага ўзроўню могуць развіваць рэгіёны. Калі казаць пра значэнне такіх паездак у адукацыйным плане — яны даюць магчымасць студэнтам на рэальных прыкладах убачыць, як экспануецца візуальнае мастацтва, асабліва фатаграфія, якая займае адметнае месца ў культурнай гісторыі Літвы».

Студэнты таксама дзеляцца жывымі ўражаннямі ад паездкі.

«Я ў захапленні ад паездкі, — кажа студэнтка другога курса Анастасія. — Усе месцы, якія мы наведалі, па-свойму цудоўныя, і вылучыць нешта адно складана. Але найбольш мяне ўразіў музей у Панявежысе — вельмі стыльная, лаканічная прастора з надзвычайнымі экспазіцыямі. Асабліва спадабалася асобнае памяшканне з вадой, дзе можна было проста пасядзець, паглыбіцца ў цішыню і спакой. Панявежыс здзівіў утульнымі вулачкамі — было прыемна проста гуляць, атрымліваць асалоду ад архітэктуры, назіраць за жыццём. Гэта быў, дарэчы, адзін з нешматлікіх па-сапраўднаму сонечных дзён за апошні час, і ён зрабіў паездку асабліва яркай. Такія выезды — гэта не толькі магчымасць дакрануцца да культуры, але і нагода выдатна правесці час у добрай кампаніі. Хочацца, каб яны здараліся часцей».

У такіх паездках філасофія ЕГУ пра адукацыю без межаў па-сапраўднаму ажывае. Гэта не проста навучальныя выезды, а крыніца натхнення і жывога досведу, які дапамагае студэнтам расці не толькі як будучым прафесіяналам, але і як асобам, адкрытым на свет мастацтва.

Назад