Былы кляштар Аўгустынскага ордэна быў збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на скрыжаванні вуліц Савічаўс і Бокшта, у 200 метрах ад віленскай Ратушы. Пабудову плошчай больш за 2700 кв. м. вылучаюць арыгінальныя элементы інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваная падлога, якія захаваліся падчас пяцігадовай рэстаўрацыі.
«Супольнасць ЕГУ бязмежна радая рашэнню літоўскага ўраду. Новы корпус ЕГУ забяспечыць выдатную атмасферу для навучання, навуковых даследаванняў і іншай універсітэцкай дзейнасці да таго часу, пакуль мы знаходзімся ў Вільні. Гэта важны крок у развіцці ўніверсітэта і супрацоўніцтве з краінай, якая нас прыняла», — адзначыў выконваючы абавязкі Рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсэн.
Працэс пераноса ўніверсітэта ў новы корпус будзе складацца з трох этапаў. Сёлета ў лістападзе-снежні адміністрацыйны корпус ЕГУ, які месціцца на вуліцы Таўра, будзе перанесены ў будынак былога кляштара. Адначасова пачнуцца працы па пераносе Медыя цэнтра ЕГУ, які знаходзіцца ў будынку Літоўскага нацыянальнага тэлебачання і радыё. У сакавіку студэнты і выкладчыкі ЕГУ пачнуць вясновы семестр 2017/18 навучальнага года ў новым універсітэцкім корпусе.
«Вельмі сімвалічна, што менавіта ў год свайго 25-га юбілея ЕГУ знайшоў новы дом у Вільні. Магчымасць сумеснай працы супольнасці ЕГУ ў выдатным будынку Аўгустынскага кляштара надае працэсу навучання і навуковай дзейнасці ЕГУ яшчэ большую каштоўнасць. Мы ўдзячныя Літве за стабільную падтрымку на працягу ўсіх год працы ў Вільні», — дадаў старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ Пэр Карлсэн.
Пераезд ЕГУ ў новы корпус стаў магчымым дзякуючы ўсебаковай падтрымцы Урада Літвы з самых першых дзён аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні. Ідэя аб прадастаўленні ўніверсітэту новага навучальнага корпуса належыць XV Ураду Літвы пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Андруса Кубілюса. XVI Урад на чале з прэм’ер-міністрам Альгірдасам Буткявічусам працягваў працу па ажыццяўленні гэтага праекта, які завяршыўся пры XVII Урадзе Літвы і яго кіраўніку – прэм’ер-міністры Саўлюсе Сквярнялісе.
Першым мерапрыемствам, якое адбудзецца ў новым корпусе ЕГУ ўжо 17 лістапада, будзе ўрачыстая цырымонія з нагоды 25-годдзя ўніверсітэта. Сярод ганаровых гасцей цырымоніі прымуць удзел старшыня Сейма Літвы праф. Віктарас Пранцкеціс, старшыня Рыксдага Швецыі Урбан Алін, а таксама былы прэзідэнт Еўрапейскага Парламента д-р Ханс-Герт Пётэрынг, якому будзе ўручана ступень Ганаровага доктара ЕГУ.
Гістарычная даведка
Некалькі стагоддзяў таму ў будынку Аўгустынскага кляштара месцілася семінарыя і сярэдняя школа. У 1808 годзе будынак стаў часткай духоўнай семінарыі Віленскага ўніверсітэта. У 1832 годзе расійскія ўлады скасавалі Віленскі ўніверсітэт, і да 1842 года будынак выкарыстоўваўся ў якасці корпуса Віленскай духоўнай акадэміі. Выбітны архітэктар эпохі рамантызму Томаш Цішэцкі падрыхтаваў праект пераўтварэння кляштара ў праваслаўную школу. Гэты праект быў рэалізаваны ў 1859 годзе. Пасля Першай сусветнай вайны памяшканні былога кляштара былі зноў перададзеныя Каталіцкай царкве і пераабсталяваныя ў інтэрнаты Віленскага ўніверсітэта (пазней названага імём Стэфана Баторыя). Падчас савецкай акупацыі комплекс Аўгустынскага кляштара збольшага быў закінуты, яго частка выкарыстоўвалася ў якасці камунальнага жытла.
Фота: Kilimas Arts