Пайшоў з жыцця прафесар Уладзімір Роўда

На 66-м годзе жыцця памёр прызнаны беларускі палітолаг, кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік Аналітычнага беларускага цэнтра Уладзімір Роўда, які на працягу многіх гадоў займаў пасаду прафесара паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Праф. У. Роўда ўнёс неацэнны ўклад у разуменне палітычнай праблематыкі сучаснага свету, аналіз найважнейшых канцэпцый паліталогіі: ён быў аўтарам вучэбнага дапаможніка па Параўнальнай паліталогіі ў трох частках, выпушчанага выдавецтвам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У 1990-ыя гады праф. У. Роўда актыўна прымаў удзел у адукацыйнай грамадзянскай супольнасці, разам з Віктарам Чарновым, яшчэ адным заўчасна памерлым палітолагам, выдаваў часопіс «Грамадзянская альтэрнатыва».

У часы працы ЕГУ ў Мінску, праф. У. Роўда супрацоўнічаў з франка-беларускім факультэтам палітычных і адміністрацыйных навук. Пасля пераезду ўніверсітэта ў Вільнюс з 2007 па 2015 г. праф. У. Роўда выкладаў студэнтам бакалаўрыяту і магістратуры ЕГУ курсы па параўнальнай паліталогіі, палітычнай сістэме Беларусі, сучасным тэорыям дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці.

Магістарская праграма «Публічная палітыка» ЕГУ была створана пры актыўным удзеле праф. У. Роўда.

Праф. У. Роўда ставіў перад сабой задачу не толькі перадачы ведаў у сферы паліталогіі, але і фарміравання дэмакратычных каштоўнасцяў і грамадзянскай пазіцыі ў студэнтаў і чытачоў яго шматлікіх публікацый, даследчых і вучэбна-метадычных прац. Праф. У. Роўда супрацоўнічаў з рознымі партыямі, кансультаваў палітыкаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, выступаў за курс на еўрапеізацыю і саюз толькі з Еўрапейскім Саюзам.

Смерць праф. У. Роўда стала велізарнай стратай для акадэмічнай і палітычнай супольнасцяў Беларусі.

Супольнасць ЕГУ выказвае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім прафесара Уладзіміра Роўды.

Назад