ЦЭНТР БЕЛАРУСКІХ І РЭГІЯНАЛЬНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ ЕГУ ЗАПРАШАЕ

29 кастрычніка ў ЕГУ у 303 аўдыторыі а 18.30 пройдзе прэзентацыя кнігі гісторыка, прафэсара Варшаўскага ўніверсітэта, доктара габілітаванага Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў Польскім Войску (1919 – 1947)”.

Гэтая кніга распавядае пра ўдзел беларусаў у рэгулярных фармаваннях Польскага Войска ў перыяд польска-савецкай вайны, міжваенны час, у гады Другой сусветнай вайны і пасля яе заканчэння. Праца напісана на падставе арыгінальных крыніц з архіваў Беларусі, Вялікабрытаніі, Канады, Літвы, Нямеччыны, Польшчы і іншых краінаў.

Аўтар асвятляе адзін з найбольш трагічных перыядаў у гісторыі беларусаў і палякаў, паказвае баявое братэрства абодвух народаў. Гісторык даследаваў стаўленне польскіх грамадзянаў-беларусаў да выканання вайсковага абавязку, польскую палітыку ў дачыненні да беларусаў і іх удзел у баях. Распавядаецца ў кнізе пра іх лёс і пасля вайны. Кніга прысвечана тым тысячам беларусаў, якія ахвярна змагаліся ў польскіх мундурах, але былі адрынутымі і забытымі на бацькаўшчыне.

Аўтар кнігі, прафэсар Юрый Грыбоўскі даследуе таксама гісторыю польска-беларускіх узаемадачыненняў, беларускага незалежніцкага руху, палітычнай і рэлігійнай эміграцыі з Беларусі ў ХХ ст. А таксама ён вывучае гісторыю Праваслаўнай царквы ў Беларусі, Літве і Польшчы. Прафесар Юрый Грыбоўскі – аўтар больш як 260 навуковых публікацыяў, у тым ліку 11 манаграфіяў, лаўрэат шэрагу прыстыжных польскіх і замежных навуковых узнагародаў і стыпендыяў. 

Шчыра запрашаем на сустрэчу! Можна будзе прыняць удзел у дыскусіі, выпіць гарбаты і набыць кнігі.

Мадэратар – дацэнт Сцяпан Захаркевіч, выкладчык Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў. 

Рэгістрацыя для ўдзелу анлайн

Назад