ЕГУ выказвае салідарнасць з затрыманым выпускніком Ігарам Барысавым

Фота: facebook.com/ihar.barysau

21 сакавіка ў Мінску быў затрыманы лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), выпускнік праграмы «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць» 2008 года магістратуры Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Ігар Барысаў. Затрыманне адбылося на вачах у жонкі і чатырохгадовага дзіцяці палітыка. Пасля затрымання Ігар Барысаў быў дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна, адваката да яго не дапусцілі. 22 сакавіка Ігар Барысаў быў асуджаны на 15 сутак арышту.

Ігар Барысаў – вядомы беларускі палітык і журналіст, з 2018 г. з’яўляецца лідарам БСДП і галоўным рэдактарам аналітычнага часопіса БСДП «Пазіцыя», раней працаваў галоўным рэдактарам газеты «Наш Магілёў», партыйнага часопіса «Жанчыны БСДП». Жанаты, выхоўвае дзвюх дачок.

Прычына затрымання Ігара Барысава пакуль невядомая, аднак раней БСДП стала адной з трох арганізацый, якія падпісалі пададзеную ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця, мітынгу і канцэрту ў Дзень Волі.

ЕГУ працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і заклікае ўлады вызваліць усіх незаконна затрыманых і асуджаных, сярод якіх ёсць студэнты і выпускнікі ўніверсітэта.

Назад