Амбасадар ЕC — выпускнікам 2020 года: «Няхай вашы настойлівасць і адданасць служаць мэтам, якія закладалі заснавальнікі ЕГУ»

Фота: Канстанцін Грыднеў

14 верасня на тэрыторыі Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Мінску адбылася ўрачыстая Цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам бакалаўрскіх і магістарскіх праграм Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Гэтым разам дыпломы бакалаўраў і магістраў ЕГУ былі ўручаныя сарака чатыром са 120 выпускнікоў ЕГУ 2020 года.

З-за абмежаванняў, выкліканых пандэміяй Covid-19, ЕГУ быў вымушаны адмяніць традыцыйную Цырымонію ўручэння дыпломаў ў Вільні. Тым не менш, дзякуючы гасціннасці Амбасады Літвы ў Беларусі, упершыню пасля 16-гадовага перапынку Цырымонія ўручэння дыпломаў ЕГУ змагла зноў адбыцца ў Мінску.

Падчас вітальнага зварота Амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас адзначыў: «Самае галоўнае, што мы ўсе перажываем разам — гэта цудоўнае пачуццё нашага агульнага шляха да свабоды. Вы з’яўляецеся тымі, хто будзе будаваць будучыню Беларусі. Перад вамі вельмі нялёгкі шлях, я зычу вам быць адказнымі за сваю краіну і за свой народ». З рук Амбасадара Літвы дыплом бакалаўра мастацтваў атрымала лепшая выпускніца-дызайнер Вераніка Чайка.

Сярод тых, хто атрымаў дыпломы — выпускнікі бакалаўрскіх праграм «Візуальны дызайн», «Еўрапейская спадчына», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», праграмы бесперапыннага навучання «Міжнароднае права і права ЕС», магістарскіх праграм «Культурныя даследаванні», «Публічная палітыка», «Развіцце культурнай спадчыны».

Гонаровы госць Цырымоніі Амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў: «Калі я вывучаў гісторыю ўніверсітэта, я даведаўся, які ўнёсак здзейнілі мая папярэднікі, Амбасадары еўрапейскіх краін, якія працавалі тут у 1990-ыя гады. Няхай вашы настойлівасць і адданасць працягваюць служыць мэтам, якія закладалі заснавальнікі ЕГУ. Еўрапейская і трансатлантычная салідарнасць працягваюць існаваць. Еўрапейскі саюз, і ў першую чаргу Літва, працягваюць падтрымліваць універсітэт». Амбасадар ЕС уручыў дыплом магістра сацыяльных навук лепшай выпускніцы магістратуры 2020 года Алесе Савінай-Смольскай.

Падчас Цырымоніі ў восьмы раз адбылося ўручэнне ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». У гэты раз лаўрэатам узнагароды стала Ксенія Шталенкова (выпускніца праграм «Медыя і візуальны дызайн 2015 года і «Культурныя даследванні» 2017 года). Ксенія — студэнтка дактарантуры па кірунку «Філасофія», выкладчык Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў, аўтар трылогіі «Адаваротны бок люстэрка» рамана «Губернскі дэтэктыў» п’есы «Проставельміскладана» і магаграфіі пра гісторыю беларускіх грошаў.

Па словах Ксеніі: «Для мяне ЕГУ — гэта быў не такі кароткі шлях, а даволі складаны, насычаны сустрэчамі і важнымі вырашэннямі, ідэямі і падтрымкай шлях. Важным момантам для мяне стала сутворчасць, таму што ўсё што я раблю дазваляе аб’ядноўваць шмат людзей. Я вельмі удзячна ЕГУ за тое, што можна ўзгадаць такія важныя моманты. Важна, каб барацьба працягвалася не толькі у пэўныя моманты ці гады, але кожны дзень»

У фінальнай частцы Цырымоніі з  развітальными пажаданнямі  выпускнікам ў ЕГУ звярнуўся праф. Аляксандр Калбаска: «Зычу, каб вам ніколі не было сорамна на сваю краіну. Толькі намагаючыся ўсе разам і кожны дзень мы можам зрабіць нешта такое для нашай краіны, каб потым не трэба было хадзіць і пераконваць сябе і іншых у тым, што Беларусь жыве. Яна жыве і будзе жыць!».

Назад

Галерэя