Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная святкаванню трыццацігоддзя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

6-7 кастрычніка 2022 года адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная святкаванню трыццацігоддзя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Юбілейнае мерапрыемства “Місія Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта для дэмакратычных пераўтварэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: 30 гадоў дзейнасці” прайшло ў Палацы Вялікіх князёў Літоўскіх у Вільні.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. ЕГУ стаў першай навучальнай установай у Беларусі, створанай на ўзор прэстыжных замежных каледжаў і універсітэтаў ды заснаванай на фундаментальным вывучэнні гуманітарных і сацыяльных навук. Новы незалежны ўніверсітэт абвясціў місію адраджэння еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі ва ўмовах пераходу ад таталітарызму да адкрытай і свабоднай грамадзянскай супольнасці. Аднак асветніцкія намаганні Універсітэта дзеля дэмакратычных пераўтварэнняў сустрэлі актыўны супраціў і рэпрэсіўны ціск з боку рэжыму. Пасля закрыцця Універсітэта ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні, атрымаўшы шырокую падтрымку Урада Літвы, Еўрапейскай Камісіі, міжнародных фундацый і арганізацый.

Адкрываючы канферэнцыю, да аўдыторыі з прывітальнымі словамі звярнуліся: рэктар ЕГУ, доктар навук, прафесар Сяргей Ігнатаў; прадстаўнічка офіса Святланы Ціханоўскай, доктарка філасофскіх навук, прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова; заснавальнік ЕГУ, доктар філасофіі, прафесар Анатоль Міхайлаў; кіраўнічка Сената ЕГУ, доктарка сацыяльных навук, дацэнтка Людміла Ульяшына; дэпутат Еўрапарламента ад Літвы, старшыня Кіроўнай рады ЕГУ Андрус Кубілюс.

“Для мяне вялікі гонар сустрэцца з усімі вамі ў такім чароўным месцы, дзе мы можам адчуць подых стогадовай гісторыі. Тэма сённяшняй канферэнцыі дае выдатную магчымасць пагаварыць аб асаблівай ролі і місіі універсітэта ды адукацыі, асабліва аб ролі ўніверсітэтаў у свеце, дзе таталітарныя рэжымы дзейнічаюць вельмі жорсткім чынам, выкарыстоўваючы інструмент гвалту ў сваіх драпежніцкіх мэтах.

Думаю, большасць з вас ведае, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт пачаў сваё жыццё ў 1992 годзе як сімвал. Беларусь належыць Еўропе і падзяляе яе каштоўнасці на працягу стагоддзяў. Са ста студэнтаў, якія навучаліся на розных спецыяльнасцях у двух пакоях, арандаваных у Акадэміі навук у Мінску, Універсітэт пачаў павялічваць колькасць студэнтаў і супрацоўнікаў. Чаму? Таму што на пачатку 1990-х гадоў усе імкнуліся стаць банкірамі ці бізнэсоўцамі, і ніхто не звяртаў увагі на асноўныя карані еўрапейскай цывілізацыі, а ў ЕГУ было бачанне таго, што грамадства павінна будавацца на вялізнай, багатай, магутнай, інтэлектуальнай традыцыі і на аўтаноміі,” – сказаў праф. Сяргей Ігнатаў у сваім уступным слове.

Заснавальнік ЕГУ праф. Анатоль Міхайлаў падкрэсліў, што Універсітэт, нягледзячы на ​​неспрыяльныя ўмовы, усё ж здолеў выжыць і працягнуць сваё існаванне: “Прызнайма, што вельмі незвычайна і нават дзіўна ўдзельнічаць у святкаванні 30-годдзя існавання Універсітэта, знаходзячыся ў адукацыйнай прасторы, дзе ўніверсітэты з’яўляюцца часткай рэальнасці на працягу многіх стагоддзяў. Аднак у дадзеным выпадку мы маем справу з зусім асаблівым выпадкам. Мы звяртаемся да ўстановы, якой увогуле не павінна было існаваць. Яна была створаная ў 1992 годзе, у вельмі неспрыяльным інтэлектуальным асяроддзі – у краіне, якая стала незалежнай пасля распаду Савецкага Саюза і сутыкнулася з вялізнымі выклікамі сацыяльнай трансфармацыі”.

“Беларускі пратэставы рух 2020 года і цяжкі палітычны крызіс у нашай краіне надалі новую актуальнасць ЕГУ як беларускаму ўніверсітэту ў выгнанні.

У крызіснай сітуацыі ЕГУ адразу ж пачаў дапамагаць рэпрэсаваным беларускім навукоўцам і студэнтам. А пасля ваеннага ўварвання расейскай арміі на тэрыторыю Украіны ў лютым гэтага года Універсітэт прапанаваў сваю дапамогу ўкраінскім студэнтам», – адзначыла праф. Таццяна Шчытцова.

Рабочая праграма канферэнцыі працягнулася дзвюма панэльнымі дыскусіямі. Першую з іх, прысвечаную стратэгіям прасоўвання ўніверсітэтамі сацыяльна-гуманітарных функцый у кантэксце дэмакратычных пераўтварэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, правёў пісьменнік, журналіст, грамадзянскі актывіст і савецкі дысідэнт Аркадыюс Вінакурас. У рамках другой панэльнай дыскусіі, якую мадэравала праф. Таццяна Шчытцова, для абмеркавання аўдыторыі былі прапанаваныя актуальныя пытанні ролі і значэння ЕГУ для Беларусі і рэгіёну.

Напрыканцы першага дня канферэнцыі старшыня Агульнага сходу саўладальнікаў ЕГУ Гортан Бібі-Сэнтэр і ганаровы прэзідэнт Амерыканскіх радаў міжнароднай адукацыі праф. Дэн Дэвідсан падзяліліся сваім бачаннем перспектыў стратэгічнага развіцця ЕГУ як вядучага рэгіянальнага адукацыйнага і даследчага цэнтра.

Перад праглядам дакументальнага фільма пра гісторыю Універсітэта вядомы эксперт у галіне адукацыі і правоў чалавека, чалец Кіроўнай рады ЕГУ, доктар навук, праф. Джонатан Фэнтан звярнуўся з відэавіншаваннем да акадэмічнай супольнасці.

Пасля дэманстрацыі фільма адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання сяброў і партнёраў ЕГУ.

Другі дзень канферэнцыі адкрыла старшыня Сената ЕГУ Людміла Ульяшына, якая выступіла са зваротам аб мове акадэмічнай свабоды.

У дыскусійнай панэлі “Беларуская грамадзянская супольнасць унутры і за межамі Беларусі: мэты і задачы” прынялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных фундацый, няўрадавых арганізацый і незалежных беларускіх СМІ за мяжой.

Рабочая праграма другога дня ўключала панэльныя дыскусіі акадэмічных дэпартаментаў гуманітарных навук і мастацтваў (мадэратар – кіраўнік дэпартамента, канд. гіст. навук, дац. Аляксей Махнач) ды сацыяльных навук (вядучыя – кіраўнічка дэпартамента, доктарка навук Інгрыда Данелене і доктарка права, праф. ЕГУ Ліліяна Цімчанка), а таксама круглы стол, прысвечаны 500-годдзю публікацыі “Малой падарожнай кніжкі” выбітнага еўрапейскага асветніка Францыска Скарыны.

Акрамя таго, у межах канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі на беларускай мове “Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі”. Адзін з навуковых рэдактараў выдання, дацэнт ЕГУ Уладзіслаў Іваноў, так каментуе задуму: “Адной з мэт кнігі “Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі”, якую мы задумалі і прадставілі разам з калегам Андрэем Сцяпанавым, было паказаць карысць паліталагічнай веды ў разуменні, тэарэтызаванні рэальнасці, а таксама ў выпрацоўцы паводзінаў, стратэгій як для грамадзян, так і груп (партый, рухаў)”.

Дац. Уладзіслаў Іваноў адзначае: «ЕГУ стаў рэдкай альтэрнатыўнай лабараторыяй беларускіх паліталагічных ведаў, навукі і на працягу дзесяцігоддзяў развіваў новую беларускую палітычную навуку, якая ўвабрала ў сябе крытычную заходнюю традыцыю і дэмакратычныя пошукі, жаданні беларускай грамадзянскай супольнасці і, у прыватнасці, палітолагаў (І. Бугрова, В. Чарноў, С. Навумава, В. Роўда і С. Панькоўскі)”.

“Паліталагічны навуковы вектар заўсёды быў прыярытэтным у ЕГУ (як у мінскі, так і ў віленскі перыяды). Рэальная палітычная дэмакратызацыя немагчымая без развітай дэмакратычнай палітычнай навукі – часта менавіта палітолагі развіваюць тэорыі і падыходы, якія дапамагаюць хутчэй дэмакратызавацца грамадству, сістэме наогул. Дзякуючы свайму прывілею быць прыватным універсітэтам і існаваць ва ўмовах рэальнай дэмакратыі, ЕГУ якраз развіваў незалежную палітычную навуку і граў (грае) важную ролю ў працэсе дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі: падрыхтаваў шмат спецыялістаў у палітычнай навуцы, якія сталі лідарамі грамадзянскай супольнасці, партый, рухаў і экспертных суполак», – заключае дац. Уладзіслаў Іваноў.

Юбілейнае мерапрыемства завяршылася ўрачыстай цырымоніяй прысуджэння вучонага звання прафесара ЕГУ. Уладальнікамі ганаровага статусу сталі Сяргей Любімаў, Аляксандр Пупцаў і Сяргей Сялецкі.

Назад