Science-Shop у ЕГУ дзеліцца вынікамі за 2021/2022 акадэмічны год

Science-Shop — гэта новая магчымасць, прапанаваная Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам для рэалізацыі праектнай дзейнасці ў полі ўцягнення грамадзянскай супольнасці (civic engagement). Адметнасцю праграмы з’яўляецца тое, што праекты рэалізуюцца студэнтамі пры падтрымцы іх выкладчыкаў і навуковых кіраўнікоў у межах навучальных курсаў, а таксама курсавых і гадавых праектаў ЕГУ. Пры гэтым тэмы даследаванняў і праектныя напрамкі прапануюцца з боку грамадзянскіх арганізацый і незалежных даследчыкаў з улікам іх рэальных патрэб і запытаў. Са свайго боку Science-Shop у ЕГУ з’яўляецца пасярэднікам падчас усталёўвання партнёрскіх кантактаў паміж акадэміяй і грамадзянскімі арганізацыямі, ажыццяўляючы каардынацыю і падтрымку для ўсіх удзельнікаў, уцягнутых у праектную дзейнасць. Такім чынам мэта праграмы адпавядаюць місіі Універсітэта — садзейнічаць развіццю грамадзянскай супольнасці для студэнтаў з Беларусі і рэгіёну, з дапамогай якаснага навучання прасоўваючы еўрапейскія каштоўнасці і прывіваючы гнуткасць як своечасовую і кампетэнтную рэакцыю на змены ў знешнім і ўнутраным сацыяльных асяроддзях.

 

Партнёры і план рэалізацыі

Партнёрская праграма Science-Shop была запушчана ў Central European University (CEU) сумесна з ЕГУ пры падтрымцы Open Society University Network (OSUN) у 2021/2022 акадэмічным годзе. Праграма накіравана на праектную дзейнасць у полі грамадзянскіх ініцыятыў, а яе задачамі з’яўляецца:

  • умацаванне сувязяў паміж акадэміяй і грамадзянскімі арганізацыямі ў Беларусі, Літве, Венгрыі і Аўстрыі;
  • вывучэнне дзейнасці лакальных грамадзянскіх арганізацый у кантэксце актуальных напрамкаў у кантэксце сацыяльнага развіцця;
  • падтрымка і развіццё практык эксперыментальнага навучання (experiential learning), навучання, накіраванага на ўключанасць і дзейнасць на карысць грамадства (engaged and service learning), выкладання і навучання на аснове ўзаемадзеяння з лакальнымі супольнасцямі (community-based teaching and learning), уцягнення грамадзянскай супольнасці (civic engagement), грамадзянскай навукі (citizen science) і правядзення сумесных даследаванняў (participatory action research);
  • падтрымка міжінстытуцыйных сувязяў і абмен досведам паміж CEU і ЕГУ у кантэксце OSUN, а таксама ўсталяванне новых акадэмічных кантактаў з іншымі акадэмічнымі інстытуцыямі для прасоўвання дзейнасці ўніверсітэтаў, накіраванай на развіццё грамадзянскай супольнасці.

 

Цягам 2021/2022 акадэмічнага года дзякуючы партнёрскай праграме Science-Shop у ЕГУ было рэалізавана 6 праектаў пры ўдзеле грамадзянскіх арганізацый, а таксама студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ. Акрамя таго, у ліпені 2022 года вынікі партнёрскай працы CEU і ЕГУ пры падтрымцы OSUN былі прадстаўлены ва ўніверсітэце Гронінгена ў выглядзе воркшопа “Changing Role of Science-Shops in Politically Charged Environment” на міжнароднай канферэнцыі Living Knowledge, якая аб’ядноўвае розныя праекты, што рэалізуюцца па мадэлі Science-Shop.

 

У 2022/2023 акадэмічным годзе Science-Shop у ЕГУ плануе пачаць новы этап рэалізацыі праграмы і запрашае да супрацоўніцтва некамерцыйныя літоўскія грамадзянскія арганізацыі, беларускія грамадзянскія арганізацыі, якія рэлацыраваліся ў Літву, Польшчу і Грузію, а таксама іншыя грамадзянскія ініцыятывы, культурна-адукацыйныя платформы і даследчыя цэнтры, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, незалежна ад іх месцазнаходжання.

Калі вы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, калі ласка, напішыце нам па адрасе: ehuscienceshop@ehu.lt 

Кантактныя асобы

Ксения Шталенкова, менеджар Science-Shop у ЕГУ

Наталья Михайлова, каардынатар Science-Shop у ЕГУ

Праекты 2021/2022 года 

Прадстаўленыя ніжэй праекты і стажыроўкі адзначылі першы, пілотны семестр працы Science-Shop у ЕГУ, ажыццёўлены сумесна з CEU пры падтрымцы OSUN. Пасля правядзення інфармацыйных сесій для універсітэцкай супольнасці і мясцовых грамадзянскіх арганізацый, мы сабралі ідэі праектаў ад выкладчыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскіх арганізацый. Многія выкладчыкі былі гатовы прыняць запыты ад грамадскіх арганізацый і працаваць над імі разам са студэнтамі. На аснове абмеркаванняў з грамадзянскімі арганізацыямі, былі абраны наступныя праектныя ідэі, якія і былі рэалізаваны ў вясновым семестры 2022 года.

Праект 1: Даследаванне лічбавых рашэнняў для анлайн-грамадзянства

Курс: Лічбавыя тэхналогіі і права

Выкладчык: Инэса Столпер

Грамадскі партнёр: Meta-Belarus

Апісанне праекта:

Сумесна з беларускай грамадскай арганізацыяй “Meta-Belarus”, студэнты праграмы бесперапыннага навучання “Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза” прынялі ўдзел у курсе “Лічбавыя тэхналогіі і права” пад кіраўніцтвам Інэсы Столпер. У рамках праекта Science-Shop, студэнты даследавалі прававыя рашэнні для стварэння дыгітальнага ўрада, а менавіта – прававыя аспекты смарт-кантрактаў і дэцэнтралізаваных метадаў вырашэння спрэчак на прыкладзе сістэмы “Kleros”. Асноўная ўвага ў даследаванні была нададзена мэтазгоднасці і рызыкам, звязаным са смарт-кантрактамі, якія з’яўляюцца зручным тэхналагічным рашэннем для абароны правоў анлайн. Студэнты даследавалі дэцэнтралізаваную сістэму вырашэння спрэчак у выпадках неналежнага выканання ўмоў смарт-кантрактаў. Тэма даследавання прыватных дэцэнтралізаваных сістэм, якія сталі вельмі папулярнай прыладай для разгляду камерцыйных пытанняў, мае ключавое значэнне для грамадзянскай арганізацыі, якая звярнулася за даследчай падтрымкай да ўніверсітэта. Гэта даследаванне будзе садзейнічаць стварэнню рашэнняў для вырашэння лічбавых пытанняў у грамадстве ў рамках дэцэнтралізаванай анлайн-судовай сістэмы.

 

Па словах выкладчыка курса Інэсы Столпер, “праект Science-Shop ажывіў увесь акадэмічны курс. Удзельнічаючы ў праекце, студэнты атрымалі магчымасць вывучыць пытанні, якія ўзнікаюць на практыцы, і прымяніць свае акадэмічныя веды для вырашэння праблемы з рэальнага жыцця. Гэта дало штуршок да больш глыбокага і крытычнаму асэнсаванню тэарэтычных пытанняў, а таксама да працы ў групе і набыцці каштоўнага досведу ў дадзенай вобласці.”

 

Праект 2: Даследаванне па псіхалагічнай падтрымцы беларускіх рэлакантаў

Курс: Метадалогія медыядаследаванняў

Выкладчык: Андрэй Вазьянаў

Грамадскі партнёр: PsyVilnius 

Апісанне праекта:

Сумесна з беларуска-літоўскай грамадскай ініцыятывай “PsyVilnius”, якой цяпер патрэбна дапамога ў даследаваннях псіхалагічных праблем, якія ўзнікаюць пасля рэлакацыі беларусаў з прычыны палітычных рэпрэсій, Марыя Шкумаева, удзельніца курса “Метадалогія медыядаследаванняў” пад кіраўніцтвам Андрэя Вазьянава у межах бакалаўрскай праграмы “Медыя і камунікацыя”, вывучыла стратэгіі адаптацыі беларусаў у выгнанні, а таксама прааналізавала даступнасць, колькасць і эфектыўнасць псіхалагічнай падтрымкі. Студэнтка сабрала дадзеныя, правёўшы 10 інтэрв’ю і апытаўшы 80 рэспандэнтаў з дапамогай анкеты, пасля апрацаваўшы і прааналізаваўшы вынікі гэтага якаснага даследавання. Таксама было падрыхтавана кіраўніцтва па правядзенні якасных інтэрв’ю, якое можа быць выкарыстана грамадскай ініцыятывай у іх працы.

 

Удзельніца праекта Марыя з энтузіязмам падтрымлівае працяг праекта і ў наступным навучальным годзе: “Гэта быў мой першы даследчы праект такога маштабу і важнасці. Я планую працягнуць працу з вынікамі свайго даследавання падчас летняй школы па лічбавых медыя і сацыяльных зменах, і хацела б з часам падрыхтаваць матэрыял для публікацыі. Праект Science-Shop павысіў маю цікавасць да эмпірычных даследаванняў, і я хачу працягнуць сваю працу і пашырыць вобласць даследаванняў у інклюзіўным аспекце палітычных рэпрэсій”.

 

Выкладчык курса Андрэй Вазьянаў падзяліўся сваім досведам працы ў праекце: “Мне было асабліва прыемна ўдзельнічаць у такім фармаце супрацоўніцтва нашых студэнтаў з грамадскімі ініцыятывамі. Гэта не толькі таму, што я сам сумяшчаю даследаванні і актывізм, і не толькі таму, што сувязь з грамадзянскай супольнасцю з’яўляецца адным з прыярытэтаў EГУ. Сёння сацыяльная навука проста не можа дазволіць сабе заставацца кабінетнай і чыста тэарэтычнай: грамадства патрабуе, каб кожны ўніверсітэт адказваў на яго запыты і праблемы. Як мне здаецца, за такім супрацоўніцтвам паміж універсітэтамі і грамадзянскай супольнасцю стаіць будучыня”.

 

Праект 3: Настольная гульня аб гендэрнай няроўнасці

Курс: Пераддыпломная практыка для студэнтаў бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн”

Куратары: Ксенія Шталенкова і Наталля Міхайлава

Грамадскі партнёр: Lygių galimybių plėtros centras

Апісанне праекта:

У межах сваёй пераддыпломнай практыкі студэнты EГУ бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” дапамаглі літоўскай грамадзянскай арганізацыі “Lygių galimybių plėtros centras” (Цэнтр прасоўвання роўнасці) у падрыхтоўцы гендэрна-нейтральных матэрыялаў для гульні, якая будзе распаўсюджвацца ў дзіцячых садках Літвы. Скрыжаванне гендэрнай няроўнасці і інваліднасці было даследавана і візуалізавана студэнтамі, прататып быў пратэставаны ў некалькіх дзіцячых садах вясной 2022 года, а канчатковыя матэрыялы дызайну былі выраблены і перададзены грамадзянскай арганізацыі для выкарыстання і распаўсюджвання ў літоўскіх дзіцячых садках. З пагаднення кіраўніцтва бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” праект рэалізаваны наўпрост пры медыяцыі Science-Shop у ЕГУ паміж студэнтамі і грамадзянскай арганізацыяй.

 

Праект 4: SMM-матэрыялы супраць стыгматызацы

Курс: Пераддыпломная практыка для студэнтаў бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн”

Куратары: Ксенія Шталенкова і Наталля Міхайлава

Грамадскі партнёр: Rigra paramos fondas

Апісанне праекта:

У межах сваёй пераддыпломнай практыкі студэнты студэнты EГУ бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” падрыхтавалі матэрыялы па маркетынгу ў сацыяльных сетках і дызайне фірмовага стылю для літоўскай грамадзянскай арганізацыі “Rigra paramos fondas” (Фонд падтрымкі Rigra), якая аказвае дапамогу маргіналізаваным сацыяльным групам, у прыватнасці, людзям з наркатычнай залежнасцю і з ВІЧ. Мэтай працы грамадзянскай арганізацыі з’яўляецца змена паводзін у адносінах да стыгматызаваных пластоў насельніцтва. Студэнты вывучылі элементы візуальнага дызайну, якія спрыяюць пазітыўным зменам ва ўспрыманні, і стварылі візуальных персанажаў, якія ўвасабляюць каштоўнасці дапамогі і разумення. Акрамя таго, быў падрыхтаваны поўны пакет маркетынгавых матэрыялаў для сацыяльных сетак, якія грамадзянская арганізацыя зможа выкарыстоўваць у сваіх інфармацыйных і камунікацыйных кампаніях. З пагаднення кіраўніцтва бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” праект рэалізаваны наўпрост пры медыяцыі Science-Shop у ЕГУ паміж студэнтамі і грамадзянскай арганізацыяй.

 

Праект 5: Сістэма візуальнай камунікацыі для ініцыятывы “PsyVilnius”

Курс: Пераддыпломная практыка для студэнтаў бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн”

Куратар: Ксенія Шталенкова

Грамадскі партнёр: PsyVilnius 

Апісанне праекта:

У дадатак да праекту даследавання па псіхалагічнай падтрымцы беларускіх рэлакантаў у супрацоўніцтве з беларуска-літоўскай грамадскай арганізацыяй “PsyVilnius”, у межах сваёй пераддыпломнай практыкі студэнты ЕГУ бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” стварылі сістэму візуальнай камунікацыі для ініцыятывы “PsyVilnius”. У бліжэйшы час плануецца запуск інстаграм-акаўнта “PsyVilnius”, дзе будуць апублікаваны вынікі даследавання, таксама рэалізаванага сумесна з ЕГУ. Праект па распрацоўцы сістэмы візуальнай камунікацыі быў звязаны з рэбрэндынгам лагатыпа, а таксама з распрацоўкай шаблонаў для інфармацыйных пастоў з вынікамі даследавання, у тым ліку даследаванні кейсаў і анонсы для мерапрыемстваў, накіраваных на псіхалагічную падтрымку, якія прапануе ініцыятыва. З пагаднення кіраўніцтва бакалаўрскай праграмы “Візуальны дызайн” праект рэалізаваны наўпрост пры медыяцыі Science-Shop у ЕГУ паміж студэнтамі і грамадзянскай арганізацыяй.

 

Праект 6: Даследаванне рэпрэзентацыі меншасцяў у літоўскіх медыя

Курс: Медыя, камунікацыя і дыскрымінацыя

Выкладчык: Андрэй Вазьянаў

Грамадскі партнёр: Lietuvos žmogaus teisių centras

Апісанне праекта:

У адказ на просьбу літоўскай грамадзянскай арганізацыі “Lietuvos žmogaus teisių centras” (Літоўскі цэнтр па правах чалавека) удзельнікі курса “Медыя, камунікацыя і дыскрымінацыя” пад кіраўніцтвам Андрэя Вазьянава у межах бакалаўрскай праграмы “Медыя і камунікацыя” даследавалі ўяўленні аб уразлівых меншасцях у розных медыях. Грамадзянская арганізацыя звярнулася за даследчай падтрымкай па тэме антыдыскрымінацыйнага заканадаўства (асабліва ў дачыненні да народа рома і яўрэйскай меншасці), паколькі яны плануюць падрыхтаваць прапановы па падрыхтоўцы рэгламентуючых дакументаў і прававой базы для антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Літве.

 

Калі вы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, калі ласка, напішыце нам па адрасе: ehuscienceshop@ehu.lt 

 

Кантактныя асобы

Ксенія Шталенкова, менеджар Science-Shop у ЕГУ

Наталля Міхайлава, каардынатар Science-Shop у ЕГУ

 

Назад