Студэнты ЕГУ вывучаюць практыкі аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны ў Вільні

У канцы кастрычніка-пачатку лістапада студэнты праграмы «Культурная спадчына і турызм» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных практыкам аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны.

У Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве студэнты 4 курса пад кіраўніцтвам дац. Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Іны Соркінай шукалі адказы на шераг пытанняў. Студэнты даведаліся, з якімі прашэннямі звярталіся жыхары мястэчак беларуска-літоўскага рэгіёна да віленскага генерал-губернатара ў ХІХ ст., а таксама якія канфлікты і кантакты паміж жыхарамі мястэчак адлюстроўваюць паліфанічныя галасы аўтараў архіўных дакументаў.   

Таксама студэнты 4 курса пад кіраўніцтвам дац. Іны Соркінай наведалі Літоўскі дзяржаўны музей Віленскага Гаона. У музеі студэнты пазнаёміліся з пастаяннай экспазіцыяй і  выставай, прысвечанай вобразу Літвы ў мастацтве літвакоў — яўрэяў Вялікага Княства Літоўскага. Выстава прысвечана 100-годдзю незалежнасці Літвы. Гідам па выставе была яе стваральніца і куратар музея д-р Вілма Градзінскайтэ.

4 лістапада студэнты праф. Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Ірыны Раманавай і асістэнта Максімаса Мілты даследвалі касцёл Маці Божай Суцяшэння, які належыць комплексу былога Аўгустынскага кляштара — новага навучальнага корпуса ЕГУ. Дадзены будынак — гэта адзіны ў Вільні аднавежавы касцёл позняга барока-ракако, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. На яго месцы быў драўляны касцёл, заснаваны Ордэнам Кармелітаў, а да гэтага знаходзілася праваслаўная царква св. Казьмы і Даміана. Студэнты даследвалі крыпты і падзямелля касцёла, асаблівасці працэсу рэстаўрацыі фрэсак, унутранага ўбрання, а таксама даведаліся пра тое, як мясцовая супольнасць задзейнічана ў інтэрпрэтацыі гэтага выбітнага аб’екта культурнай спадчыны. Акрамя архітэктонікі гэтага будынка, студэнты пазнаёміліся з тым, якім чынам касцёл сумяшчае сваё непасрэднае прызначэнне, звязанае з вядзеннем богаслужэнняў, ды правядзенне разнастайных мерапрыемстваў — выстаў, ток-шоу, семінараў, канферэнцый.

 

Назад

Галерэя