Эвалюцыя палітычнага поля Беларусі пасля выбараў 9 жніўня 2020 года, вялікага пратэснага выбуху як рэакцыі на фальсіфікацыю выбараў і, зрэшты, пасля гвалтоўнай рэакцыі нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі на мабілізацыю грамадзянскай супольнасці, упісваецца ў працэс, далёкі ад стабілізацыі. Нават, наадварот, палітычнае поле сутыкнулася з нечувалай дэградацыяй у межах усталяванага жорсткага аўтарытарызму. Аналіз беларускага палітычнага поля апошніх двух год важны як дзеля разумення і ацэнкі рэжыму, так і для разумення протадэмакратычнымі сіламі пэўнага пераходнага плану, а таксама для працы ўжо сёння над памылкамі, перакрутамі, хібамі, якія аўтаматычна спараджае аўтарытарнае палітычнае поле. Многія папярэднія палітычныя актары (гэтак званая старая апазіцыя) пасля жніўня 2020 года зніклі, а на сцэну выйшлі новыя актары.
Мэта гэтай рэфлексіі – не столькі ў тым, каб скласці вычарпальную карціну палітычнага поля, якое хутка змяняецца, колькі ў тым, каб вызначыць падзелы і праблемы, якія яго структуруюць і якія кіруюць ягонай эвалюцыяй, і паспрабаваць прадбачыць магчымыя змены ў наступныя гады.
Ад дэмакратычнай тэорыі да аўтарытарнай практыкі
Палітычнае поле – досыць сталы панятак у заходняй палітычнай і сацыялагічнай навуцы. У 80-я гады мінулага стагоддзя ва франкамоўнай, перадусім, ды сусветнай, наагул, палітычнай навуцы панятак быў актуалізаваны дзякуючы працам французскага сацыёлага і палітычнага мысляра П’ера Бурд’ё, які прапанаваў канцэпт поля ці палёў (палітычнае поле, эканамічнае поле, рэлігійнае поле, навуковае поле і пад.)1. Панятак мае на ўвазе ў тэорыі П’ера Бурд’ё «розныя сферы дзейнасці ў грамадстве, як вынік паступовай аўтанамізацыі палітычнай актыўнасці і падзелу палітычнай працы»2. Да ўсяго мысляр апісваў любое поле адначасова і як поле розных сілаў (актараў, агентаў, паводле ягонай тэрміналогіі), і як поле барацьбы. Палітычнае поле як поле розных сілаў сацыёлаг азначаў як месца, дзе ў канкурэнцыі паміж рознымі сацыяльнымі агентамі (актарамі) фармуюцца і развіваюцца палітычныя прадукты, праблемы, падзеі, аналіз, каментары, канцэпты, якія выбіраюць простыя грамадзяне, зведзеныя да статусу «спажыўцоў» ці «гледачоў». Палітычнае поле як поле барацьбы бачылася ім як месца пастаяннай барацьбы паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў пытанні «добрых», «слушных» прынцыпаў бачання і падзелу сацыяльнага свету. На практыцы розныя спецыялісты канкуруюць за права гаварыць і дзейнічаць ад імя часткі ці ўсіх групаў. П’ер Бурд’ё часта параўноўвае палітычнае поле з рэлігійным, бо абодва складаюцца з меншыні прафесійных палітычных актараў 3, якія дамінуюць і рэпрэзентуюць сацыяльны свет, і бальшыні прафанаў, якія назіраюць, бяздзейнічаюць і падпарадкоўваюцца. То-бок, нават дэмакратычнае палітычнае поле – досыць іерархізаванае, абмежаванае, элітысцкае, закрытае. Гэта іерархія ўсталёўваецца ў выніку валодання агентамі ці актарамі (як калектыўнымі, так і індывідуальнымі) аб’ёмам капіталу (то-бок, рэсурсам), характэрным для гэтай сферы. Гэтыя спецыфічныя капіталы ўяўляюць сабой асаблівыя камбінацыі розных капіталаў, якія ранжыруюць усё грамадства (эканамічны, культурны, сацыяльны або сымбалічны капітал)4. То-бок, розныя палітычныя актары валодаюць рознымі капіталамі, якія вызначаюць іх месца, ролю і ўплыў на палітычнае поле. Так, некаторыя калектыўныя актары (дзяржава, партыі) валодаюць эканамічным, палітычным, сацыяльным капіталам, а іншыя індывідуальныя актары і актаркі – вядомыя публічныя асобы, лідары руху, інтэлектуалы і інтэлектуалкі, пісьменнікі і пісьменніцы – могуць мець сымбалічны, інтэлектуальны, а таксама сацыяльны капітал. Якраз камбінацыя розных капіталаў у палітычных актараў і актарак падчас выбараў вызначае пераможцаў.
Пры гэтым палітычнае поле існуе і ва ўмовах недэмакратыі. Праўда, з улікам дамінавання ці нават узурпацыі поля пэўнымі актарамі, сіламі (часцей аўтарытарнай дзяржавай, уладнымі элітамі), размеркаванне ўплыву актараў і наогул функцыянаванне поля варта разглядаць з моцным карэктаваннем на аўтарытарызм. П’ер Бурд’ё пазначаў, што ў моманты крызы нават дэмакратычнае палітычнае поле зведвае з’яву скрыўлення, звужэння ці нават заняпаду5. Недэмакратычнае поле яшчэ ў большай ступені зведвае падобную з’яву. Прыклад Беларусі – яскравы доказ і класічны прыклад скрыўлення ці нават заняпаду, дэградацыі палітычнага поля. Важнай рэгулярнай праверкай стану сілаў любога палітычнага поля (дэмакратычнага перадусім, але і недэмакратычнага, як вынікае з аналізу мадэлі электаральнага аўтарытарызму) з’яўляюцца выбары, ці «вердыкт скрыняў да галасавання»6. Аднолькавыя і цалкам прадказальныя вынікі беларускіх выбараў цягам дзесяцігоддзяў дэманстравалі не так стабільнасць і рэальныя жаданні выбарнікаў і выбарніц, аб якой заяўлялі ўлады, як татальны кантроль за выбарамі, уласцівы дэградаванаму палітычнаму полю. Калі ў дэмакратыі звужэнне палітычнага поля праяўляецца ў выглядзе такой з’явы, як устрыманне, то-бок негаласаванне, то ў недэмакратыі гэта амаль немажліва: адміністрацыйны вертыкальны рэсурс робіць усе выбары састаялымі і забяспечвае прыгожыя і высокія лічбы. З гэтым не справіўся аўтарытарны рэжым Лукашэнкі ў 2020 годзе, што і выклікала вялікую дэградацыю палітычнага поля.