Беларускі шэсцьдзесят восьмы? Ідэалагічная чыстка 1968-69 гадоў, рэакцыі на ўвод войскаў у Чэхаславакію і канец “адлігі” у беларускіх ВНУ

Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў ЕГУ запрашае на лекцыю Ўладзіміра Валодзіна

Беларускі шэсцьдзесят восьмы? Ідэалагічная чыстка 1968-69 гадоў, рэакцыі на ўвод войскаў у Чэхаславакію і канец “адлігі” у беларускіх ВНУ

1968 год лічыцца адным з пераломных гадоў сусветнай гісторыі. Не толькі ў Францыі ды Італіі пратэставалі студэнты і страйкавалі рабочыя. У Мехіка і Дар-эс-Саламе, у Празе і Токіё новыя сацыяльныя рухі спрабавалі змяніць і часта змянялі свет.

Ці ёсць месца Беларусі на мапе “глабальнага шэсцьдзесят восьмага”?

У нейкай ступені – так. У Менску прайшоў біт-фестываль і была (выглядае, упершыню ў СССР) пастаўленая п’еса Бекета “У чаканні Гадо”. На філалагічным факультэце БДУ студэнты сабралі сотні подпісаў пад патрабаваннем выкладаць па-беларуску на беларускім аддзяленні. Якімі б ні былі незаўважнымі беларускія пратэсты супраць уводу войскаў у Чэхаславакію, яны мелі месца.

Але ці не найбольш значнай падзеяй 1968 года ў вышэйшай адукацыі і навуцы Беларусі была грунтоўная ідэалагічная чыстка, якая пачалася вясной і трывала да наступнага года. Хаця колькасць звольненых у выніку чысткі выкладчыкаў была адносна невялікай (пару дзясяткаў), але значна большая колькасць прайшла праз публічныя разборы персанальных спраў на партыйных і непартыйных сходах, а таксама праз “прафілактаванне” з боку супрацоўнікаў КДБ. Чыстка была ініцыявана з Масквы і тлумачылася пярэпалахам, які выклікала ў Палітбюро ЦК КПСС Пражская вясна.

Пра ўсе гэтыя падзеі 1968 года ў ВНУ Беларусі і пойдзе мова ў дакладзе Уладзіміра Валодзіна.

19 чэрвеня 2025, 18.30

ЕГУ, Савічаус 17, ауд. 303

 

Назад