8 траўня а 17:00 у аўд. 110 – прэзэнтацыя новага зборніку паэзіі «Чорныя макі» выпускніцы ЕГУ Вольгі Гапеевай. У новай кнізе вы адкрыеце нябачную дасюль Вольгу Гапееву – з аднаго боку крыху змрочаную варажбітку, а, з другога боку, усё тую ж смелую рэвалюцыянэрку нораваў, адданую экспэрымэнтатарку слова, усё тую ж эмансіпатарку літаратуры і грамадзтва. Вы паслухаеце ў выкананні самой паэткі некаторыя ўрыўкі з новага зборніку і даведаецеся пра новыя творчыя і навуковыя пэрспэктывы аўтаркі. І вы зможаце набыць новую кнігу пасьля імпрэзы. Ласкава запрашаем!
9 траўня а 17:00 у аўд. 104 – майстэрня-сэмінар па тэме «Інклюзыўная мова: навошта і як пісаць па-беларуску гендарна карэктна?». Сэмінар вядуць лінвгістка, паэтка Вольга Гапеева і сацыялінгвіст д-р Уладзіслаў Іваноў, якія падзеляцца сваімі напрацоўкамі і назіраннямі з сфэры гендарнай лінгвістыкі, а таксама перакладніцкай і літаратурнай дзейнасці. У майстэрні вам ня проста патлумачаць актуальнасць тэмы, але распавядуць пра рэсурсы і традыцыі, якія здаўна існуюць у мове, каб пісаць і прамаўляць карэктна, інклюзыўна, усёахопна. І, зрэшты, вы зможаце прыняць удзел у гульні «Фэмінізацыя мовы».